Музею Хаіма Суціна - 15 гадоў!

2 марта 2023

Музею Хаіма Суціна спаўняецца 15 гадоў. Адна са знакамітых культурных устаноў не толькі Чэрвеньскага раёна, але і ўсёй Беларусі сваю дзейнасць пачала ў 2008 годзе на базе смілавіцкага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Хаім Суцін - мастак Парыжскай школы, ураджэнец Смілавіч. Арт-прастора знаёміць са знакамітым земляком, яго спадчынай і перадае традыцыі творчасці сённяшнім юным мастакам-пачаткоўцам.

Наталля Бардзілоўская пра натхненне выяўленчым мастацтвам і таленты смілавіцкага "Вулея".

Гарадскі пасёлак Смілавічы, вуліца Рэвалюцыйная, 20. Адрас мясцовым педагогам, бацькам і дзятве знаёмы з 1988 года. Спачатку быў Дом піянераў, потым Дом дзіцячай творчасці, а пасля перайменаваны ў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. А па сутнасці тут заўсёды была і ёсць арт-прастора для юных талентаў. Напрамкаў для развіцця шмат: розныя віды выяўленчага мастацтва, тэатр і мода, вакал і харэаграфія. З самага пачатку ўстанова адчувала неабходнасць у музеі, каб дзеці натхняліся яркай фігурай творцы і раўняліся на бясспрэчны аўтарытэт. І такой асобай стаў зямляк - легендарны мастак Парыжскай школы Хаім Суцін. У 2008-м тэрыторыю дзіцячай творчасці ў Смілавічах так і назвалі: "Прастора Хаіма Суціна". Так пачалася гісторыя музея імя жывапісца.

Ірына Змачынская, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама:

Музей Хаіма Суціна - напамінак усім нам аб тым, што такое малая радзіма і як трэба беражліва ставіцца да сваіх мясцін. Калі чалавек любіць сваю Радзіму, то ён пранясе пачуццё любові праз усё жыццё. Таму нашых дзяцей мы вучым шанаваць, любіць і прымнажаць набытак сваёй малой радзімы.

Пачыналі з адзінай залы. Адзіны ж па сённяшні дзень аўтэнтычны прадмет - старэнькае французскае піяніна 1900 года выпуску. Рэпрадукцыі карцін - арыгіналаў пакуль тут не маюць. Але сабралі ўнікальную бібліятэку з манаграфіямі і рэдкімі кнігамі - падарункамі гасцей і тых энтузіястаў, якія з самага пачатку падтрымалі стваральнікаў музея. І сёння, на свята юбілею ўстановы, сябры таксама сабраліся ў Смілавічах.