Музей - пакой лыжак у Беразіне папоўніўся новымі экспанатамі

27 сентября 2016

Сёлета тут з'явіўся сталовы прыбор, які майстар выразаў з крушыны. У народзе гэты куст называюць воўчай ягадай, і ён з вельмі тонкімі галінкамі. Сёння калекцыя з драўляных лыжак налічвае больш за дзве сотні экспанатаў з самых розных парод дрэў. Музейную справу ў Беразіне развіваюць не толькі прафесіяналы, але і школьнікі. У гарадской гімназіі вось ужо 25 гадоў існуе краязнаўчы куток, які папаўняецца самымі рознымі экспанатамі дзякуючы вучням. Аляксандр Харавец з падрабязнасцямі.

Бярозавыя, дубовыя, ліпавыя, з елкі, сасны і нават воўчай ягады. Музей - пакой драўлянай лыжкі ў Беразіне за шэсць гадоў сабраў калекцыю з больш як двух сотняў экспанатаў. І кожная лыжка - сапраўдны твор мастацтва, які нясе асаблівую энергетыку.

Раз на два гады экспазіцыю папаўняюць лыжкі-волаты. Тут праходзіць свята бярэзінскіх лыжкароў. Сёлета выразалі самы вялікі сталовы прыбор у свеце.

Рэкардсменка Кнігі Гінеса даўжынёю больш за 23 метры. Вядома, паабедаць такой лыжкай-цмокам не атрымаецца, а вось прыняць ванну самы раз, сцвярджаюць мясцовыя жыхары.

Гарадскую гімназію жыхары Беразіна наведваюць не толькі для таго, каб набыць веды, але і каб зазірнуць у люстэрка часу. Тут працуе краязнаўчы музей. У ролі экскурсаводаў – выключна самі вучні. У займальнай даступнай форме расказваюць гісторыю роднага краю.

Музей самавараў, прасаў, лыжак. Кожнае мястэчка Мінскай вобласці збірае рарытэты: прадметы побыту, музычныя інструменты, – усё тое, чым карысталіся продкі і што павінны ведаць і памятаць нашчадкі. Сваю гісторыю.