Муміі свету ў Мінску

1 октября 2015

Старажытныя інкі, будысцкі манах і катакомбы капуцынаў – незвычайная выстава адкрылася ў Музеі прыроды і экалогіі. Калекцыя складаецца з 12 экспанатаў і аб’ядноўвае гістарычны перыяд ў 13 тысяч гадоў. Тут сабраны дзіўныя выпадкі муміфікацыі. У праекце прадэманстраваны муміі Амерыкі, Еўропы, Егіпта, Расіі – ад вядомых жрацоў да фантастычнай муміі іншапланецяніна.

Алег Вярцінскі, старшы навуковы супрацоўнік Музея прыроды і экалогіі Беларусі:

"Першая частка нашай экспазіцыі прысвечана неандертальцам, як першым людзям, якія адносяцца да роду гома, якія наогул праводзілі абрад пахавання. Гэта значыць да гэтага віды людзей смерць не распазнавалі. Другая наша экспазіцыя - гэта абрад паветранага пахавання. Ён практыкаваўся ў шматлікіх народаў".

Акрамя асноўных экспанатаў падчас экскурсіі магчыма паглядзець дакументальны фільм пра муміі. А для маленькіх наведвальнікаў падрыхтавана інтэрактыўная зона – камп’ютарная віктарына. Дарэчы, экспазіцыя будзе працаваць да 17 студзеня.