Мультымедыйная экспазіцыя "Мікеланджэла. Стварэнне свету" адкрылася ў Мінску

17 февраля 2016

Знакамітыя фрэскі Сікстынскай капэлы ўпершыню ажылі на гіганцкіх экранах высокага распазнавання. Мультымедыйнае мастацтва зноў прыцягвае мінскую публіку. Дарэчы, беларуская сталіца стала трэцім горадам, куды адправілася на гастролі экспазіцыя "Мікеланджэла". Акрамя аб'ёмных работ майстра, тут і шэдэўры іншых знакамітых італьянцаў Да Вінчы, Рафаэля, Тыцыяна. Віртуальны арт-тур здзейсніла і Ніна Мажэйка.

Вуліца Кастрычніцкая - сэрца андэграўнднай культуры Мінска. Апроч індустрыяльнай эстэтыкі, яшчэ арт-пляцоўка вялікіх памераў. Тут ужо прымалі Ван Гога, зараз чарга папярэдніка - Мікеланджэла Буанароці.

Максім Волкаў, арганізатар выставы: "Мультымедыйны фармат праекта дазваляе быць даступным і бліжэй да гледача. Г.зн. не кожны мае магчымасць паехаць у Сікстынскую капэлу, і нават прыехаўшы туды, не кожны зможа ўбачыць, зразумець да канца і прачуць. Тут жа ёсць магчымасць гэта зрабіць у рэальным фармаце".

За аванзалай - збор шэдэўраў у 3D-фармаце. Італьянскія геніі. Іх усіх аб'ядноўвае адна эпоха - Адраджэнне. І ўсё ж акцэнт на чароўнага Мікеланджэла. Яго фрэскі на столі і алтарнай сцяне ўславілі Сікстынскую капэлу. Сёння сотні турыстаў фатаграфуюць без успышкі ў Ватыкане, каб на імгненне захаваць гісторыю.

Фрэскі Сікстынскай капэлы бачылі многія, але атрымлівалася разгледзець толькі адзінкам. Справа ў тым, што арыгіналы ў Італіі знаходзяцца на вышыні некалькіх дзясяткаў метраў, таму чалавечаму воку нюансы недаступныя. На мультымедыйнай выставе ў Мінску такая магчымасць ёсць.

Дзясяткі сучасных праектараў высокага распазнавання, гіганцкія экраны і аб'ёмны гук. Музыка Баха, Гендэля, Орфа нібы спецэфект. Экспазіцыю варта разглядаць як скончаны твор.

Сяргей Дзясятаў, куратар выставы: "Гэта камандная праца, безумоўна. Што датычыцца пракату, гэта досыць складаная камп'ютарная сістэма, якая кіруе гукам і праектарамі вялізных экранаў, і тэхнічнае абсталяванне, якое да іх патрабуецца".

Архітэктура, жывапіс, скульптура... Акрамя таго, на выставе можна і вучыцца. Так званыя edutainment-тэхналогіі, калі адукацыя носіць забаўны характар. Інавацыі тут - сінонім сучаснай эпохі Адраджэння.