Моладзевы тэатр абжываецца ў нядаўна адноўленым будынку

27 марта 2018

На мінулым тыдні да аднаго з храмаў Мельпамены была прыкаваная асаблівая ўвага. Моладзевы тэатр стаў пляцоўкай для вялікай гутаркі Кіраўніка дзяржавы з юнымі, таленавітымі і перспектыўнымі. За кулісамі нядаўна адноўленага будынка пабывала Вольга Мядзведзь.

З занядбанага будынка - у цэнтр моладзевага мастацтва. Пабудова ў сэрцы горада на Казлова, 17 доўгі час была ў аварыйным стане. Савецкі Палац культуры будаўнікоў кінулі яшчэ ў пачатку 90-х, і больш як дзясятак гадоў ён натуральным чынам руйнаваўся. Другі шанц гістарычнай пабудове далі ў якасці храма Мельпамены. Сюды і засялілі "вандроўны" тэатр. Моладзевы тэатр стварылі ў 84-м, але ўвесь гэты час творчы калектыў не меў уласнай пляцоўкі.

Тры пяцігодкі трупа правяла ў памяшканні былога кінатэатра "Спартак". Будынак быў у катастрафічным стане і першапачаткова спраектаваны не пад тэатральныя падмосткі. Грымёркі артыстаў былі фактычна на гарышчы, над каласнікамі. А каб заняць сваё месца ў зале, глядач праходзіў проста праз сцэну з дэкарацыямі. Уявіце, што пераадольвалі тыя, хто спазніўся на спектакль. Аднак і будынак на праспекце Машэрава меў патрэбу ў рэстаўрацыі. Неўзабаве гістарычныя сцены стануць малой сцэнай Моладзевага тэатра.

Да ўваходзін калектыў увесь час змяняў прапіску, выпрабавалі Палац прафсаюзаў, Палац ветэранаў, малую сцэну Палаца Рэспублікі і шматлікія іншыя пляцоўкі. Але такая змена лакацый выклікала нязручнасці не толькі ў Моладзевага, але і ў яго прыхільнікаў.

Зараз пра тую старую канструкцыю на Казлова,17 нічога і не нагадвае. Фасад пакінулі блізкім да гістарычнага, а вось унутры тэатр уладкаваны паводле апошняга слова, на зайздрасць калегам. Найноўшае тэхнічнае абсталяванне, унікальныя магчымасці сцэны, галоўная зала на 320 месцаў, эксперыментальная пляцоўка, гасцёўня, фае з камінам і многае іншае.

Асучаснены тэатральны дом паўплываў і на рэпертуар. З адкрыцця - больш за дзясятак прэм'ер. Ставіць любяць і прыезджыя рэжысёры. У малую залу засялілі харэаграфічную трупу са сваёй афішай.