Сусветная прэм'ера ў Вялікім. Два творы Штрауса аб'ядноўваюць у адзін спектакль

4 июля 2018

Сусветная прэм'ера ў Вялікім для публікі 16+. Упершыню ў гісторыі адразу два творы Рыхарда Штрауса аб'ядноўваюць у адзін спектакль. Опера "Саламея" ў тандэме з сімфанічнай паэмай "Так гаварыў Заратустра" адкрые новы, 86-ты сезон, галоўнай акадэмічнай сцэны краіны. Трупа ўжо пачала рэпетыцыі, а ў цэхах праходзяць першыя прымеркі касцюмаў. Хто адважыўся выканаць галоўныя партыі ў тэатральнай драме, якая не раз здымалася з рэпертуару адразу пасля першага паказу з-за рэзкіх пратэстаў грамадскасці?

Падрабязнасці - у Іны Пілевіч.

Упершыню ў афішы Вялікага - опера з харэаграфічным пралогам. Музычную драму "Саламея" Штрауса апярэдзіць танец на музыку гэтага ж кампазітара. Такога яшчэ не бачыла сусветная сцэна. Сімфанічная паэма "Так гаварыў Заратустра" дапаўняе адну з самых эпатажных опер у гісторыі.

Пастаноўка "Саламеі" была забаронена ў Расіі і Англіі ў пачатку ХХ стагоддзя. А дрэздэнскую прэм'еру ў 1905-м публіка асвістала. Хрысціянская грамадскасць была не гатовая да з'яўлення біблейскіх персанажаў на сцэне, не сціхаюць дыскусіі і сёння.

Галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Міхаіл Панджавідзэ нават атрымаў блаславенне на пастаноўку ў Мітрапаліта Паўла. Бо яшчэ на пачатковым этапе некаторыя салісты адмаўляліся ўдзельнічаць у спектаклі, які апавядае пра трагічнае каханне дзяўчыны да прарока. Дарэчы, прэм'ера абыдзецца без эпатажных сцэн - пацалунку адрэзанай галавы Іаана Хрысціцеля на сцэне не будзе. Саламею рыхтуюць на мове арыгінала - нямецкай - адной з самых складаных для выканання.

З нуля пішацца харэаграфічная партытура пралогу спектакля. Жэстамі і пластыкай пастаноўшчыкі імкнуцца перадаць гісторыю жыцця Іаана Хрысціцеля. Танец, у якім знойдуць адлюстраванні блуканні прарока па пустыні, бачанні прароцтва, ачышчэнне ад грахоў у водах Іардана і хрышчэнне Хрыста.

Балет і опера сустрэнуцца на палубе карабля заган. Ствараць гэтую велічэзную дэкарацыю, якая больш нагадвае яхту, ужо пачалі маскоўскія майстры. Тым часам у Мінску шыюць касцюмы, у якіх таксама зашыфравана нямала пасланняў для публікі. Так на сцэне з'явяцца 7 смяротных грахоў, кожны з якіх глядач пазнае па колеры. Зайздрасць - зялёная, прагнасць - жоўтая, а вось гэтую аранжавую сукенку надзене артыстка, якая ўвасобіць на падмостках абжорства.