Свет адзначае 110 гадоў з дня нараджэння Дзмітрыя Шастаковіча

26 сентября 2016
Сёлета  ўвесь свет адзначае вялікі юбілей: напярэдадні споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння вялікага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча. Але толькі тры гады таму высветлілася, што карані роду Шастаковічаў на беларускай зямлі. Упершыню на радзіме продкаў - у вёсцы Шэметава Мядзельскага раёна - адбыўся канцэрт у касцёле з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў Акадэміі музыкі.

Мястэчка Шэметава было заснаванае прыблізна ў XV стагоддзі. Да сённяшняга дня засталіся і мясцовыя славутасці - сцены маёнтка Скірмунтаў, пабудаванага ў 70-х гадах XVIII стагоддзя, броварны завод і кузня пачатку ХХ стагоддзя і, безумоўна, касцёл Маці Божай Нястомнай Дапамогі, дзе адбыўся канцэрт, прысвечаны 110-годдзю сусветна вядомага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча.

Славутасць - справа непрадказальная. Адзін чалавек сваім талентам можа праславіць свой род на некалькі стагоддзяў назад ці наперад.

Карані сусветна вядомага кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча паходзяць з беларускай зямлі. Яго прадзед Пётр Міхайлавіч нарадзіўся тут, у беларускім мястэчку Шэметава напачатку ХІХ стагоддзя - у 1808 годзе.

Звесткі аб тым, што радавод Шастаковічаў праходзіць праз гэтыя мясціны, адшукаў грамадзянін Францыі, ураджэнец Беларусі, оперны выканаўца і сябар сям'і Шастаковічаў  Аркадзь Валадось.

Аркадзь Валадось, старшыня французскай асацыяцыі «Абмен: Францыя - Беларусь»: "Прозвішча Шастаковіч беларускае. І я шукаў яго ўсюды. Гэта было няпроста. У французскім Інтэрнэце лічылася, што ён паляк. Калі я пачаў  шукаць  на рускай мове, дайшло да Шэметава. Я быў здзіўлены, як у розных мовах па-рознаму даецца інфармацыя. Я размаўляў з дачкой Шастаковіча ў Францыі, з удавой Шастаковіча, з усімі я пра гэта гаварыў".

Творчасць Дзмітрыя Дзмітрыевіча Шастаковіча ўваходзіць у залаты фонд музычнага мастацкага свету. Яго творы выконваюцца на розных кантынентах і праслаўляюць мастацтва савецкай і расійскай школы музыкі. Дарэчы, адначасова з канцэртам у Шэметаве адбыўся канцэрт у Санкт-Пецярбургу пад кіраўніцтвам Гергіева, дзе прысутнічаў сын кампазітара Максім Шастаковіч.

Для сучаснага Шэметава такі канцэрт - падзея неардынарная. Мясціна гістарычная і годная таго, каб тут праводзіліся фестывалі, напрыклад, імя Шастаковіча.

Замежныя госці, мясцовыя улады, педагогі і студэнты Беларускай акадэміі музыкі, жыхары Шэметава і суседніх вёсак. Святочнае мерапрыемства, якое абяцае стаць традыцыйным, - гэта захаванне агульнай культурнай спадчыны.