Мінскаму мастацкаму каледжу імя Глебава - 70

20 сентября 2017

Пачынаць новы навучальны год з юбілею. Мінскаму мастацкаму каледжу імя Глебава - 70. З пасляваенных гадоў асновамі класічнага пісьма, акадэмічнага малюнка і кампазіцыі тут авалодвалі многія будучыя майстры. Сёння, беражліва захоўваючы традыцыі, Глебаўка практыкуе новыя тэхналогіі і ўдасканальвае адукацыйны працэс. Да юбілею каледж прымеркаваў вялікую праграму, у тым ліку выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Наталля Бардзілоўская ўбачыла экспазіцыю.

У юбілейны год каледж імя Глебава атрымае ўласную карцінную галерэю. Яна ўжо ладзіцца ў сценах установы. Святочная ж выстава пакуль - у залах галоўнага музея краіны. Сімвалічна, бо Глебаўка -альма-матар шматлікіх народных мастакоў, чые работы Нацыянальны мастацкі захоўвае ў фондах і ў пастаянных экспазіцыях.

Каля двух дзясяткаў студэнцкіх карцін і з паўсотні работ тытулаваных мастакоў. Экспазіцыя заняла два паверхі музея, каб паказаць работы розных пакаленняў мастацкага вучылішча. Ад Савіцкага,

Шчамялёва і Данцыга праз сярэдняе пакаленне беларускіх мастакоў (Літвінава, Асташоў, Селіханаў) да сёлетніх дыпломнікаў. Работы ўсіх, хто мае дачыненне да Глебаўкі, на выставе пазначаны шыльдай «5+».

Чатыры спецыяльнасці - жывапіс, скульптура, дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Уступны конкурс тут заўсёды высокі. Сёлета быў ад 4 да 10 чалавек на месца.

Многія з выпускнікоў, атрымаўшы працяг навучання ў Акадэміі, вяртаюцца ў Глебаўку выкладчыкамі. Зрэшты, у самім каледжы апошнім часам да кваліфікацыі выканаўца сталі далучаць пазнаку «выкладчык» - мастак з правам настаўніцтва.

Каб бліжэй знаёміць наведвальнікаў з “глебаўскімі ўніверсітэтамі” ў біяграфіі мастакоў, Нацыянальны мастацкі музей плануе некалькі тэматычных экскурсій.