Мінск ізноў сустракае "Лістапад"

4 ноября 2016

Сёння Мінск ізноў сустракае "Лістапад". І ў гэтыя хвіліны ў сталічным кінатэатры "Масква", дзе адбылася цырымонія адкрыцця кінафестывалю, знаходзіцца наша здымачная група.

На сувязь са студыяй выходзіць Ніна Мажэйка (прамое ўключэнне).

Добры вечар! Зараз госці цырымоніі знаходзяцца ў зале. Ужо пачаўся паказ фільма адкрыцця "Пецярбург. Толькі па любові". Своеасаблівы кінаэксперымент ад сямі рэжысёраў-жанчын. Па сутнасці, гэта кінаальманах - сем навел аб'ядноўвае адна лакацыя, і гэта горад Пецярбург. Дарэчы, менавіта гэтай карцінай адкрываўся сабрат "Лістапада" - маскоўскі фестываль "Кінатаўр". Наш "Лістапад" уваходзіць у кагорту самых прэстыжных кінафорумаў свету. Гэты факт лішні раз падкрэсліла сімвалічная чырвоная дарожка. Цырымонія пачалася з дэфіле айчынных кінематаграфістаў. Першымі па чырвонай дарожцы прайшоў творчы і сямейны тандэм - Валерыя Арланава і Аляксандр Яфрэмаў. Слоган фестывалю "Насустрач натхненню" быў поўнасцю апраўданы, паколькі па рашэнні арганізатараў чырвоную дарожку размясцілі прама на лесвіцы. Такім чынам, госці з фае кінатэатра "Масква" паднімаліся наверх да спецыяльнай фотазоны пад прыцэлы фота- і відэааб’ектываў. Там іх чакалі акрэдытаваныя на фестывалі журналісты - усяго 140 прадстаўнікоў масмедыя.

Пасля госці прайшлі ў глядзельную залу. Вядучыя пачалі цырымонію на трох мовах - беларускай, рускай і англійскай. У праграме нацыянальнага конкурсу адразу 24 карціны. Гэта рэкорд. Усяго ж за золата "Лістапада" ў розных намінацыях пазмагаюцца 83 фільмы. Яшчэ амаль столькі ж па-за конкурсам.

Хачу адзначыць, што ўпершыню на кінафоруме няма з намі ганаровага старшыні Расціслава Іванавіча Янкоўскага. Памяці народнага артыста, а таксама легендарнага рэжысёра Віктара Турава прысвяцілі асобны блок цырымоніі. А фінальным акордам адкрыцця стаў традыцыйны для кінематаграфістаў звон фарфору - сімвалічную талерку XXIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" разбілі аб штатыў.