Мінск убачыць вялікую карону Расійскай імперыі

5 апреля 2014

Гістарычнаму сімвалу манаршай улады больш за 250 гадоў. Прычым, для вырабу кароны ювеліры выкарысталі амаль 5 тысяч брыльянтаў. Але ў Беларусь прывезлі не арыгінал, а копію. Экспанат, які ўяўляе сабой сапраўдны твор ювелірнага мастацтва, размясціўся у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Там яго ўжо ўбачыла Наталля Бардзілоўская.


Манаршы сімвал Расійскай імперыі важыць 2 кілаграмы 132 грамы. Карона разлічана на 63 памер галавы. Каля 5 тысяч брыльянтаў амаль на 3 тысячы карат, два рады па паўсотні аўстралійскіх жамчужын, у цэнтры - каштоўны рубіліт. Камяні натуральныя, але гэта няхай ювелірна, дакладна зробленая, але копія. Па-музейнаму рэпліка, якую з сапраўднай кароны прыкладна два гады таму зрабілі расійскія ювеліры.


Карона поўная сімвалаў: два паўшар'і - знак усходу і захаду Расійскай імперыі, у цэнтры дуб, што азначае ўладу. Лаўр - гэта слава, а велізарны камень з крыжам наверсе - сімвал перамогі праваслаўя. Арыгінал створаны ў 1762 годзе для суправаджэння важных момантаў у жыцці правіцеляў Расіі: вянчання і каранавання.


Вялікай імператарскай каронай каранаваліся ўсе сем рускіх цароў пасля Кацярыны Другой, дзеля якой і была зроблена гэтая рэч. Апошні раз карона вянчала галаву Мікалая Другога ў 1906 годзе. Сёння гістарычны арыгінал захоўваецца ў Алмазным фондзе Маскоўскага крамля Расійскай Федэрацыі.


Арыгінал расійскай імператарскай кароны невыязны. Але копію правезлі ад Калінінграда да Паўднёва-Сахалінска. Першым горадам замежнага экспанавання стаў Мінск. У Мінску твор сучаснага ювелірнага мастацтва ў тым ліку будзе экспанавацца на працягу двух месяцаў.