Міністэрства культуры Беларусі адзначыла журналістаў Белтэлерадыёкампаніі

7 мая 2023

З прафесійным святам - Днём работнікаў радыё і тэлебачання - журналістаў Агенцтва тэленавін павіншавалі ў Міністэрстве культуры Беларусі. Спецкарэспандэнт АТН Наталля Бардзілоўская, рэдактар і вядучая Вольга Мядзведзь удастоіліся падзякі профільнага міністра Анатоля Маркевіча. Свае віншаванні кіраўнік ведамства адрасаваў таксама дырэктару тэлеканала "Беларусь 3" Наталлі Марынавай і вядучай праекта "Навіны культуры" Ганне Панцялеевай. Міністр адзначыў высокі прафесіяналізм супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва на карысць айчыннай культуры і мастацтва.

У культурны партрэт Беларусі айчыннае тэлебачанне і радыё ўносіць свой бясспрэчны ўклад. Штодня ў эфіры каналаў Белтэлерадыёкампаніі рэпартажы і праекты, якія распавядаюць пра дасягненні ў галіне культуры і мастацтва, пра багатую спадчыну і традыцыі нашага народа, пра таленавітую моладзь і пераемнасць пакаленняў.