Мікрасвет праз аб'ектыў фотакамеры

3 февраля 2016

Ён можа бачыць тое, што практычна не відаць чалавечаму воку. І не толькі бачыць, але і здымаць.. Гомельскі фатограф Аляксей Марчанка - паклоннік разнастайнасці мікрасвету. З дапамогай спецыяльна сканструяванага ўласнаручна прыбора ён здымае мікрасхемы, крышталі солі, сняжынкі, пясок. А з прымяненнем спецыяльных фільтраў прымушае граць іх усімі колерамі вясёлкі. Аб творах мастацтваў мікрасвету - Вольга Халадовіч.

Гэта не кадры паўночнага ззяння, гэта крышталі аскарбінавай кіслаты. Так яна выглядае праз прызму мікраскопа. А з дапамогай фотаапарата Аляксей Марчанка можа паказаць тое, што практычна не відаць чалавечаму воку.

Аляксей Марчанка, фатограф: "Мікрасвет вялізны. Так. Чым больш павялічваеш, тым больш за ўсё адкрываецца. Гэта як космас, толькі наадварот. Можна паглыбляцца да бясконцасці. Бо тую першапачатковую цаглінку матэрыі яшчэ ніхто не знайшоў. Колькі навукоўцы ні паглыбляюцца, выкарыстоўваючы ўсё большае і большае павелічэнне. Яшчэ дагэтуль не дакапаліся да той фундаментальнай цаглінкі, на якой усё пабудавана".

Ён сапраўды ведае, што не існуе двух аднолькавых сняжынак. А ў малюсенькай мікрасхеме можна разгледзець цэлыя гарады. Для Аляксея Марчанкі кожны аб'ект у аб'ектыве мікраскопа - гэта заўсёды адкрыццё новых форм простых рэчаў.

Самы першы здымак з серыі "мікрасвет" - часціцы шалупіння цыбулі - Аляксей зрабіў яшчэ ў школе. На ўроках біялогіі. Тады пры дапамозе лабараторнага мікраскопа і старэнькага "Зеніта".

10-кілаграмовы мікраскоп, больш дакладна, штатыў ад яго, стаў асновай прыбора. Астатнія дэталі Аляксей доўга падбіраў на інтэрнэт-аўкцыёнах. Усю сур'ёзную оптыку шукаў і канструяваў сам. Аналагаў такога мікраскопа больш няма. Ва ўсякім разе, у фотааматараў.

Аляксей Марчанка, фатограф: "Ён павінен быць вялікі і цяжкі. Каб пазбегнуць вібрацый пры фатаграфаванні, і да таго ж ён валодае магчымасцю навешвання на яго ўсякіх розных сродкаў, якія патрэбныя ў гэтай справе. Дадатковыя падсвятленні, столікі, бінакулярныя прыстаўкі. Тут усё круціцца, круціцца. Атрымалася прыстасаванне, якое дазваляе і назіраць, і фатаграфаваць".

Такіх здымкаў у архіве фатографа ўжо прыкладна тысяча. Пакуль яны даступныя толькі для інтэрнэт-карыстальнікаў. Мара Аляксея - зрабіць фотавыставу, якая раскрые прыгажосць мікрасвету для ўсіх.