Міжнародны кінафестываль "Лістапад" завяршаецца

13 ноября 2015

Гэтымі хвілінамі "Лістапад" развітваецца з Мінскам. 22-і міжнародны кінафэст, які на працягу тыдня дарыў "Асалода для вачэй", паводле традыцыі, завяршаецца вялікай і прыгожай цырымоніяй узнагароджання пераможцаў чатырох фэставых конкурсаў, уручэннем прызоў і маляўнічым шоу з удзелам лепшых артыстаў краіны. Сёлета прызавы ўраджай форуму - каля паўсотні самых розных прызоў і дыпломаў. Разам з уладальнікамі яны ўжо пачалі раз'язджацца па ўсіх кутках планеты. Куба і Гватэмала, Японія і Ісландыя, Расія, Францыя і Аргенціна. Як доўгачаканая інтрыга фэсту - хто павязе Гран-пры "Золата "Лістапада". Наталля Бардзілоўская прама з цырымоніі.

Памер – 15 сантыметраў вышынёй і 400 грамаў вагой: яшчэ пару - тройку гадзін і самы галоўны сімвал "Лістапада" - залаты кляновы ліст у форме паўмесяца паедзе на Балканы. Як будуць дзяліць паміж сабой першы фестывальны прыз рэжысёры-сааўтары – стваральнікі грэка-балгарскай стужкі «Урок» - застаецца толькі жартаваць і здагадвацца, але імёны Крысціны Грозевай і Петэра Вылчанава як імёны лепшых – ужо ў гісторыі 22-га міжнароднага кінафоруму!

Ужо адзначаную фестывалямі ў Токіа і Сан-Себасцьяне, і ў Мінску іх стужку назвалі "выклікам усходнееўрапейскага кінематографа". Дзёрзкая гісторыя: настаўніца з маленькага гарадка вучыць дзяцей размяжоўваць дабро і зло, але сама ў фінансавым тупіку і выношвае злачынныя планы.

Напружаны сюжэт, аскетычная манера здымак і поўная адсутнасць музычнага фона – сродкі, якімі аўтары перакрэслілі сентыментальнасць, каб расказаць пра паўсядзённасць еўрапейскага эканамічнага крызіса.

Лёс фільма вырашыўся ў 3 гадзіны раніцы. На фінале "Лістапада" за спрэчкамі журы правяло бяссонную ноч. Сёлетні выбар - самы складаны для кінасуддзяў. "Асалоду для вачэй" тыя мелі амаль у кожнай з работ. У ігравым і дакументальным кіно – па некалькі відавочных лідараў. У выніку серабро "Лістапада" - у работы "Праект века", для каманды стваральнікаў з Кубы, Германіі, Швейцарыі і Аргенціны. Бронза – у ісландска-дацкага фільма "Бараны".

Каб адзначыць усіх, хто спадабаўся, літаральна за гадзіны да цырымоніі закрыцця журы прапанавала ўвесці некалькі дадатковых заахвочванняў. 45 прызоў – агульны "ўраджай" сёлетняга "Лістапада". Акрамя традыцыйных "За лепшую рэжысуру", "Жаночую ролю", "Мужчынскую ролю", напрыклад, спецыяльны дыплом "За цуд веры у кіно, за веру у цуд жыцця" паедзе ў Японію!

Як традыцыя – узнагарода "За гуманізм і духоўнасць у кіно".

Сёлета прыз Прэзыдэнта – у стужкі "Нябеснае качэўе" і яе аўтара Мірлана Абдыкалакава з Кыргызстана. Фільм пра сучаснае жыццё насельнікаў стэпу.

Афіцыйна 22-я старонка ў гісторыі "Лістапада" перагорнутая. Форум закрыўся, як і стартаваў, сусветнай кінапрэм'ерай, таксама з Канаў.

"Найноўшы запавет" - кінакамедыя з удзелам Бенуа Пульварда і Катрын Дэнёў.