Май Данцыг у Нацыянальным мастацкім музеі выставіў анталогію сваёй творчасці

16 октября 2015

Яго імя ў сотні лепшых мастакоў савецкай эпохі. Май Данцыг у Нацыянальным мастацкім музеі выставіў анталогію сваёй творчасці. Творы, напісаныя за 65 гадоў. Выстава прымеркаваная да 85-годдзя майстра, якое Данцыг адзначыў увесну.

Экспазіцыя без назвы, але з прысвячэннем памяці бацькоў і сястры. З вернісажа - Алена Борматава.

Крэсла для майстра. На сваім вернісажы Данцыг нібы кароль. На ім праязджае каля палотнаў, якія пісаў у савецкі час. І за якія мастаку даставалася. Яго крытыкавалі, абвінавачвалі ў дзёрзкасці, не дапускалі ці здымалі з выстаў. "Партызанскае вяселле", "Навасёлаў" ён падаваў уразрэз з савецкімі штампамі. На адкрыцці выставы мастак у чырвоным - колеры, які амаль на кожнай рабоце Данцыга як візітоўка і фірмовы знак.

Анфілада залаў першага паверха Нацыянальнага мастацкага плюс галерэя на другім паверсе – гэта, бадай, усе выставачныя плошчы музея да ўзвядзення прыбудовы. Данцыг выставіў амаль 300 работ. Яшчэ каля двухсот засталося ў майстэрні.

Экспазіцыя твораў Данцыга – гэта не проста анталогія творчасці майстра, гэта яшчэ і мастацкая хрэстаматыя гісторыі Беларусі. На выставе паказаныя палотны, якія ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага мастацтва, і работы, якія ніколі не дэманстраваліся. Такога Данцыга ведалі адзінкі. Эцюды, эскізы, замалёўкі – падрыхтоўчы матэрыял для будучых маштабных палотнаў. Некалькі дзясяткаў работ невялікага памеру на музейныя экспазіцыйныя плошчы прывезлі з майстэрні мастака.

Майстар суровага стылю – індустрыяльнага пейзажу - тут паўстае як тонкі лірык. Чаго варта дыпломная работа. 1958 год. Выпускнік маскоўскага Сурыкаўскага, бадай, адразу становіцца выкладчыкам мінскага інстытута. І выкладае 54 гады.

Шасцідзясятнік, ён і пісаў шасцідзясятнікаў: паэта Булата Акуджаву, празаіка Анатоля Кіма. У Данцыга і партрэты не малога фармату. Аматар вялікіх форм. Яго манументальныя палотны на некалькі разоў вышэйшыя за яго рост. Ён піша як Рэпін – пэндзлем на доўгай палцы.

Майстэрня і праца для Данцыга заўжды на першым месцы. Нават у 85. Ён ізноў піша. І зноў неабсяжныя работы. "Малы Трасцянец" датуецца гэтым годам.