Майстры з усіх рэгіёнаў краіны прывезлі ў сталіцу свае работы

4 июля 2014

Разьбярства, ганчарная і кавальская справа, ткацтва і пляценне. Сёння самыя таленавітыя майстры з усіх рэгіёнаў краіны прывезлі ў сталіцу свае лепшыя работы. Пляцоўка ля Палаца спорту на два дні стала выключна творчай. Зона гасціннасці дэманструе ўсе традыцыйныя рамёствы.


Надзея Сербіненка пабывала на кірмашы (відэа).


Сёння пляцоўка на беразе Нямігі ператварылася ў сапраўдны збор народных талентаў. Сотні майстроў нават з самых аддаленых рэгіёнаў краіны паказваюць сталічнай публіцы свае ўменні. Хтосьці па-майстэрску вышывае, хтосьці чаканіць манеты, а хтосьці пячэ пірагі. Майстрыхі са Слоніма распавядаюць пра сваё салодкае захапленне.


На ўваходзе на кірмаш размясцілася невялікая кузня. Майстар з Івянца Вадзім Буглак захапляецца кавальствам ужо шэсць гадоў. За гэты час хобі стала сэнсам жыцця і прафесіяй.


Мастацкую апрацоўку драўніны прапануе мінчанін Анатоль Новікаў. Сыравіну для сваіх работ ён прывозіць з сэрца Сібіры. Два разы на год Анатоль выязджае туды па непаўторны мармуровы кап і ангарскую сасну.


Вытанчанае саломапляценне - візітная картка Іў'еўскага цэнтра рамёстваў. Звычайнымі саламянымі кветкамі, званочкамі або пано іх не здзівіш. Аб'ёмныя формы, прыкметныя здалёк, - іў'еўскія майстрыхі практыкуюць сучасны падыход да мастацтва.


Гэты капялюш - бясспрэчны эксклюзіў сённяшняга кірмаша. Яго дыяметр - каля метра. А каб сплесці такі велізарны галаўны ўбор, майстру спатрэбілася каля месяца безупыннай працы .


Дарэчы, выстава-кірмаш Беларускі сувенір працягнецца і заўтра. Так што набыць шэдэўры народных майстроў і пазнаёміцца з імі асабіста яшчэ ёсць час.