Марьина Горка в 12-й раз приняла областной праздник "Напев земли моей"

19 октября 2015

Фальклор, эстрада, інструментальная музыка і харэаграфія. Мар’іна Горка  12-ы раз прыняла абласное свята “Напеў зямлі маёй”. Сёлета за перамогу змагаліся 28 народных і ўзорных калектываў цэнтральнага рэгіёна. Статус аматарскага ў калектыва - гэта адзіная ўмова для ўдзелу ў фестывалі. Чым сёлета ўражвалі музыканты гледачоў і журы, ведае Аляксандра Драгун.

Домра, рэка-рэка, флейта, ударныя і бас-гітара. На чым толькі не іграюць гэтыя музыканты. Нават прызвычаіліся здабываць рытмічную мелодыю  з пральнай дошкі. Яны выкладаюць музычную грамату ў жодзінскай школе, але інструменты не пакідаюць і пасля заняткаў, бо разам яны  “Бравісіма” - народны ансамбль.

Перазвон акарыны, гукі барабанаў і дуды пераплятаюцца з шумам дажджу і перуна.  Народную творчасць іншага кшталту дэманструе на фестывалі фальклорны калектыў з Ракава.

Калі заплюшчыць вочы, то здаецца, што гэтыя артысты выступаюць не на сцэне - танцуюць басанож падчас дажджу. Такі спецыфічны гук атрымліваецца, калі замест барабанаў выкарыстоўваць глыбокую гліняную вазу.

Канцэртная сцэна, што ў Мар’інай Горцы, музыкантам добра знаёмая. Калісьці фальклорны гурт прыязджаў на гэты ж фестываль народнай творчасці.  Сёлета сталі яшчэ бліжэй да перамогі - лаўрэаты першай ступені.

Мар’іна Горка стала культурным цэнтрам Мінскай вобласці, адкуль чутны мелодыі фестывалю “Напеў зямлі маёй”. Аркестр народных інструментаў, ансамбль мажарэтак, жартоўныя і фальклорныя замалёўкі.  Хоць творчых калектываў 28, але праграма ў кожнага свая.

На працягу года музыканты-аматары цэнтральнага рэгіёна праходзяць адбор, каб выступіць на абласным фестывалі. Адзіная ўмова - калектыў павінен абараніць званне «народны» альбо «ўзорны».

А прызы на фестывалі больш чым сур’ёзныя. Сёлета - ключы ад аўтобуса. Пераможцы абласнога конкурсу, а гэта  духавы аркестр са Стоўбцаў, вярнуліся дадому на ўласным транспарце.