Вызначалі лепшых сярод друкаваных сродкаў масавай інфармацыі

23 апреля 2013

У Мінску на цырымоніі ўручэння Залатой Літары ўзнагароды знайшлі сваіх пераможцаў у 24 намінацыях. Нараўне з найбуйнейшымі беларускімі выданнямі былі адзначаныя і раённыя малатыражкі.


Імёны лаўрэатаў - у рэпартажы Алены Борматавай.

Іх амаль не ведаюць у твар. Самыя вострыя пер'і беларускай прэсы пазнаюць не па колькасці з'яўлення на тэлеэкранах, а па спалучэнні імя і прозвішча на друкаваных старонках. Разам яны збіраюцца хіба толькі раз на год - на ўручэнне газетных Оскараў. Каб даведацца, хто ж стаў лепшым адносна інтэлекту, прафесіяналізму і індывідуальнасці.

Друкаваная прастора Беларусі - гэта без малога паўтары тысячы выданняў. Амаль кожнае паралельна і адначасова ў гонцы за тыражамі пакарыла і віртуальную прастору. Аператыўнасць, новыя патрабаванні аўдыторыі і мадэрнізацыя фарматаў прымушае нават не вельмі буйныя выданні асвойваць і Сусветную павуціну. Як вынік - усе раённыя газеты Беларусі маюць свае сайты. Інтэрнэт-кантэнт па папулярнасці апярэджвае друкаваныя газеты. Прафесіяналы сёлета асобна вызначаюць аўтара лепшага блога друкаваных СМІ.


Дзмітрый Партон, рэдактар аддзела інтэрнэт-праектаў газеты Советская Белоруссия: Самае важнае, што веб-журналістыка дае магчымасць прамога дыялогу з чытачамі, з тымі, хто спрачаецца, што не зусім магчыма ў друкаванай версіі.


Дарэчы, аксакал друкаванага рынку - Советская Белоруссия - а газета выдаецца тыражом больш за 500 тысяч экзэмпляраў 5 разоў на тыдзень - стала пераможніцай адразу ў некалькіх намінацыях. Самая масавая газета краіны прыярытэтным робіць чалавека і яго інтарэсы.

У прафесіянальнае спаборніцтва ўступілі як цэлыя выданні, так і асобныя аўтары. На конкурс сёлета было пададзена 245 заявак. Статуэтак толькі 23. Адна  бесканкурэнтна ўручана за ўклад у развіццё журналістыкі Сяргею Дубовіку - чалавеку, які рыхтуе сучасных журналістаў. Гран-пры сёлетняй Залатой Літары  аддадзены газеце Звязда. Іх праект Вогненныя вёскі назвалі лепшым сярод рэспубліканскіх і абласных СМІ.


Алесь Карлюкевіч, галоўны рэдактар газеты Звязда: Зараз у нас у друкарні здадзена кніга Асвейская трагедыя з новымі фактамі, нядаўна адкрытымі архівістамі, мясцовымі краязнаўцамі.


Дзявятая Залатая літара запомніцца тым, што ўпершыню так шырока прадстаўлена раённая і мясцовая прэса. Вызначаюць не толькі асобныя малатыражкі, але і лепшага фотакарэспандэнта. А вось лепшага рэпарцёра раённых і гарадскіх газет сёлета журы вырашыла не вызначаць.