Легендарныя Scorpions выступілі на "Мінск-Арэне"

11 июня 2015

Рок-група сёлета святкуе юбілей - калектыву 50 гадоў. Музыканты адправіліся ў развітальны сусветны тур, уключыўшы ў гастрольны графік і беларускую сталіцу. Віртуозы класічнага хард-рока прывезлі з сабою шматтоннае абсталяванне на спецыяльна арандаваным самалёце. Адна са знаходак у візуальным рашэнні шоу - шматузроўневая сцэна і экраны высокай дакладнасці. Усе падрабязнасці прыезду нямецкай групы - у Ніны Мажэйкі.

Сусветны тур, які музыканты вызначаюць як юбілейна-развітальны, проста не мог не закрануць беларускую сталіцу. І хоць Scorpions ужо не раз пагражаліся пакінуць сцэну, дасведчаная мінская публіка традыцыйна раскупіла амаль усе білеты на рок-шоу. Дарэчы, калектыў адным з першых адкрыў жалезную заслону ў СССР, патрапіўшы з ветрам перамен не толькі ў Расію, але і ў Беларусь. Выступленне ў Мінску ўпершыню прайшло ў 1998. Цяперашні прыезд "скарпіёнаў" ужо шосты.

Спецыяльны самалёт даставіў усіх удзельнікаў групы ў аэрапорт Мінск 1 на гадзіну пазней. Журналісты чакалі артыстаў у віп-зале з відам на ўзлётную паласу. Пасля прылёту - прэс-канферэнцыя.

Ветэраны рок-н-рола ўвайшлі ў залу, пакінуўшы ахову ў калідоры. Ахвотна адказвалі на пытанні журналістаў і распавядалі пра дэталі канцэрта. І хоць на беларускай зямлі не першы раз, кожны - асаблівы.

Клаус Майне, саліст групы Scorpions, Германія: "Тут у нас вельмі шмат прыхільнікаў. Мы хацелі б паказаць беларусам сваё юбілейнае шоу, бо за гэты час, пакуль мы на сцэне - ужо 50 гадоў, - на нашай музыцы вырасла не адно пакаленне. І для нас гэта сапраўдны поспех. Мінская публіка заўсёды вельмі цёпла нас прымае, і мы хочам аддзячыць сваім фанатам за адданасць. Гэты канцэрт многа значыць для нас, з вамі мы дзелімся чымсьці патаемным".

Традыцыйнае прывітанне перад пачаткам. Тэхніку для канцэрта прывезлі на самалёце, яе ўсталёўвалі амаль двое сутак. Гукавое абсталяванне даставілі з Масквы: улічылі слабое месца рок-канцэртаў – дрэнныя калонкі. З гэтым праблем не было. Усе прыхільнікі ў зале змаглі нацешыцца сапраўды якасным рокам.

Хіты легендарныя "скарпіёны" спявалі разам з 15-тысячнай публікай. Для жывых выступленняў перад публікай папрацавалі над сцэнаграфіяй - шматузроўневая канструкцыя ідэальна ўпісалася ў рок-шоу. Акрамя таго, кожнага з удзельнікаў можна было разгледзець на гіганцкіх экранах высокай дакладнасці.

Што тычыцца райдараў музыкантаў. Самы вялікі - тэхнічны - амаль 60 старонак. У бытавым жа плане артысты не вельмі пераборлівыя. Адно з галоўных патрабаванняў - ахалоджаная вада ля сцэны. Выдаткі рок-шоу. Ці скажуць аста ла віста сваім прыхільнікам Scorpions, пакажа час. Гастрольны тур легендарны калектыў плануе завяршыць 27 сакавіка на радзіме ў Германіі.