Трамвай у пакістанскім стылі truck art курсіруе ў Мінску

22 мая 2024

Мінск і Пакістан усебакова развіваюць культурныя і гандлёва-эканамічныя сувязі. Пра гэта 22 мая заявілі падчас прэзентацыі трамвая ў стылі truck art - гэта разнавіднасць фальклорнага мастацтва азіяцкай краіны. Цяпер адзін з вагонаў маршруту № 9 будзе курсіраваць ля Мінскага трактарнага завода, і ў гэтым таксама ёсць сімвалізм. Трактары МТЗ - запатрабаваныя ў Пакістане. Удзельнікі абмяняліся падарункамі і разам правялі тэст-драйв мастацтва на колах.

Саджад Хайдэр Хан, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Пакістана ў Беларусі:

Сёлета важная дата - 30 гадоў дыпламатычным адносінам Пакістана і Беларусі, і мы рады, што гэта прэзентацыя праходзіць на фоне юбілею. Нашаму "мастацтву на колах" ужо стагоддзе. У пакістанскіх гарадах гэта вельмі папулярна, многія машыны і аўтобусы такія яркія і непаўторныя для таго, каб усе маглі любавацца народнай творчасцю. Вы бачыце тут нацыянальныя флагі Беларусі і Пакістана, ёсць яшчэ і птушкі. Усё гэта сімвалы дружбы нашых народаў.

Прэзентацыю трамвая ў стылі "Пакістані-арт" правялі сумесна з прадпрыемствам "Мінсктранс". А яшчэ на базе філіяла "Трамвайны парк" арганізавалі выставу з прыкладамі народнай творчасці на аўто.