Ларыса Гулякевіч запрашае на культурны "Праменад"

13 декабря 2019
Міжнародная выстава "Мінск - Парыж" адкрылася сёння ў галерэі Савіцкага, побач, у Палацы Рэспублікі,  экспануюцца фотаработы, прысвечаныя ўкраінскім прыгажуням, а ў Вялікім тэатры Беларусі  праходзіць дзясяты Калядны оперны форум.

На культурны "Праменад" запрашае Ларыса Гулякевіч. "Мінск - Парыж" - міжнародная выстава сучаснага мастацтва адкрываецца сёння ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.  У яе ўвайшлі каля  ста твораў жывапісу, графікі, скульптуры, арт-аб'ектаў беларускіх і французскіх мастакоў, якіх аб'ядноўвае ўдзел у адным з самых прэстыжных парыжскіх салонаў Art Capital.

Вялікая разнастайнасць стыляў і напрамкаў - ад гіперрэалізму да беспрадметнага мастацтва. Тут таксама дэманструюць розныя жанры жывапісу: партрэт, нацюрморт, пейзаж, тэматычная карціна. Здзіўляе багацце тэхнік і матэрыялаў – ад традыцыйнага алею на палатне да металічных сплаваў і складаных калажаў. Сярод беларускіх аўтараў Уладзімір Тоўсцік, Валерый Шкаруба, Віктар Альшэўскі і шмат іншых. Французскі бок прадстаўляюць 25 аўтараў. Сярод іх прэзідэнт "Салона малюнка і акварэлі" Даніэль Гале, кіраўнікі самай вялікай групы сюррэалістаў салона "Параўнанне"  Лукаш Кандл.

Сучасны вобраз  украінскай жанчыны - захавальніцы сямейнай утульнасці і цяпла. Мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" запрашае на фотавыставу "Прыгажуня-ўкраінка". Галоўныя гераіні - вядомыя ўкраінкі, а таксама прыгажуні з народа, апранутыя ў сучасныя нацыянальныя ўборы. Больш за пяць дзясяткаў здымкаў створаны ў маштабным праекце Ethno Fashion by Pоtlova. Дызайнер, стыліст, іміджмейкер Кацярына Потлава прапанавала на суд беларускага  гледача адзін з этнапраектаў. На фотаздымках адлюстраваны вобразы княгінь Кіеўскай Русі. Уборы і рэквізіт для здымкаў ствараліся ўручную.

Мінск сустракае зорак акадэмічнага вакалу! Юбілейны міжнародны Калядны оперны форум, дзясяты па ліку,  праходзіць гэтымі днямі на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Увогуле на суд гледачоў прапануюць чатыры рэпертуарныя пастаноўкі з запрошанымі салістамі.

 Якая ж праграма чакае прыхільнікаў оперы на выхадных? 14 снежня салісты, хор і аркестр галоўнага кіеўскага тэатра  дадуць  на беларускай сцэне оперу Джаакіна Расіні "Севільскі цырульнік". А ў нядзелю, 15 снежня, чароўная "Турандот" Джакама Пучыні. Галоўныя партыі выконваюць такія запрошаныя артысты, як Томас Пол - выпускнік Зальцбургскай кансерваторыі Моцартэум. У партыі Ліу  Клаўдзія Канг з Карэі. Ёй апладзіравалі гледачы найбуйнейшых оперных тэатраў Францыі.

Калі наведаць выставу "Музей ёлачных цацак" у Гістарычным, можна дадаткова трапіць і ў музей-тэатр "Ёлка ў ажуры". Прыемных і нясумных выхадных!