Культурныя лакацыі з паметай "абавязкова да прагляду і праслухоўвання" ў рубрыцы "Праменад"

10 июня 2022

Адразу тры буйныя галерэі беларускай сталіцы на гэтым тыдні мадэрнізавалі свае арт-лабірынты. Так, Нацыянальны мастацкі музей распавядае пра "Ступені майстэрства" Глебаўкі, у НЦСМ дэманструюць іншы ракурс творчага "я" Шагала. А познія партытуры Вагнера, якія нячаста трапляюць на слых меламанаў, ажывуць на сцэне Белдзяржфілармоніі. 

Культурныя лакацыі з паметай "абавязкова да прагляду і праслухоўвання" ў рубрыцы "Праменад".

"Ступені майстэрства" Глебаўкі ў залах Нацыянальнага мастацкага. Так, акулы культурнага профілю не проста падрыхтавалі справаздачны праект да 75-годдзя альма-матар народных аўтараў Беларусі, але і знаёмяць з работамі пэндзля сучаснай арт-школы. На суд гледача паўсотні творчых выказванняў: ад рэтраспектывы на другім паверсе да залаў паверхам вышэй - пастаяннай экспазіцыі сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва, дзе таксама чытаюцца этыкеткі з лагатыпам Глебаўкі.

Апелююць не толькі да вялікіх майстроў: Савіцкага, Данцыга, Грамыкі. Храналагічна адпраўляюць эстэтаў на праменад з сярэдзіны 60-х і пракладваюць маршрут да XXI стагоддзя. Настальгуюць па навучальных спробах пяра ў фармаце "палатно - алей", у прасторы графічнай і ДВМ. Аб тым, што браць новыя вышыні на ландшафтах высокага мастацтва і сёння звышзадача для стваральнікаў эстэтычнага асяроддзя краіны, падказваюць лічбы. Фондавы збор Нацыянальнага мастацкага і філіялаў - гэта звыш 33 тысяч твораў. Больш чым дзясятая частка калекцыі - выпускнікоў Мінскага мастацкага каледжа.

Не авангардам адзіным. У тым, што Марк Шагал быў аднолькава пераканаўчы як заканадавец трэндаў віцебскай мастацкай школы, так і ў якасці ілюстратара Свяшчэннага Пісання, упэўнены ў Цэнтры сучасных мастацтваў. Прыкладаюць бясспрэчныя доказы - літаграфіі з адсылкай да кнігі кніг і эскізы да вітражоў сінагогі медцэнтра Хадаса ў Іерусаліме. Сюжэты ў адзіны аповед збіралі літаральна па цытатах з прыватных еўрапейскіх збораў. 

Над сакральнай гісторыяй стварэння свету мастак працаваў больш за дзесяцігоддзе. Пачаў яшчэ ў 30-х, апошняя рыска ўжо пасля Другой сусветнай. Каб візуалізаваць старазапаветныя сюжэты ў графічнай друкаванай тэхніцы, асвоіў мову літаграфіі, а скласці мастацкія пазлы дапамагло паломніцтва па святых мясцінах - Палесціне, Сірыі і Егіпце. Ва ўнісон авангардысту ў экспазіцыі работы беларускіх сучаснікаў, якія таксама звяртаюцца да тэмы Свяшчэннага Пісання.

Пейзажныя замалёўкі з віцебскім почыркам у галерэі Савіцкага. Як злавіць каларыстыку беларускай прыроды незалежна ад пары года, падкажуць на юбілейным вернісажы Пятра Шарыпы. Адмовіўшыся ад пастознасці на карысць пленэрнага жывапісу і ўзброіўшыся эцюднікам, майстар прайшоў пешшу Беларусь, каб адлюстраваць аўтэнтычныя хутары і гісторыка-культурныя помнікі Полацка, Пінска, Нясвіжа. Звяртаўся і да партрэта. 

Алена Шарыпа, дачка мастака:

"Гэты твор называецца "Развітанне з роднай вёскай". Гэта самы вялікі твор майго бацькі, і я лічу, што ён праграмны. Тут прысутнічаюць тры жаночыя вобразы, тры пакаленні жанчын: гэта я, калі мне было 16, мая маці, таксама маладзенькая, і мая бабуля. Над яе галавой фотаздымкі, і вось гэта рэальныя фотаздымкі нашай сям’і".

"Класікай для ўсіх" Белдзяржфілармонія паставіць на стоп актыўны сімфанічны сезон. 16 чэрвеня дадуць нерастыражаваных Вагнера і Пракоф'ева. За дырыжорскі пульт выйдзе народны Аляксандр Анісімаў. Месца салісткі - за сапарана Ірынай Крыкуновай. Лоску гучанню дадасць і струнная група сімфанічнага аркестра, сённяшнія студэнты кансерваторыі. Калі стандартная струнная камплектацыя - гэта каля паўсотні чалавек, у выніковым канцэрце пачуем усе 120.

Да сімвалічных сімфанічных цітраў чакаем грэміносны ансамбль "Салісты Масквы" і Юрыя Башмета. Канцэртнае "Музычнае падарожжа" ўжо на наступным тыдні дадуць да 30-годдзя дыпламатычных адносін Расіі і Беларусі і дня нараджэння самога калектыву. У Вялікім тэатры галоўная партыя за "Балетным летам" да нядзелі. Пасля міжнароднага фестывалю трупа не бярэ адгул, адпраўляецца ў рэзідэнцыю Радзівілаў, а да закрыцця сезона для гледача прэм'ерны паказ - опера "Любоўны напой".