Крэўскі замак. Захаванне архітэктурнай спадчыны

28 августа 2018

Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі. Каб не дапусціць далейшага разбурэння руін Крэўскага замка, другі год запар з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдзяляюцца сродкі на яго кансервацыю. Для выратавання руін распрацавалі нават антысептык - спецыяльны супрацьгрыбковы раствор, склад якога вытворца трымае ў сакрэце.

Алена Борматава пра захаванне архітэктурнай спадчыны.

Кансервацыя з элементамі рэстаўрацыі - афіцыйнае вызначэнне работ у Крэўскім замку. Помнік архітэктуры, што ахоўваецца дзяржавай, 100 са сваіх 800 гадоў уяўляе сабою руіны. Быў разбураны падчас Першай сусветнай. Фартыфікацыйны будынак стаў цэнтрам абароны кайзераўскіх войскаў. Па іх дыслакацыі было выпушчана больш за паўтара мільёна снарадаў. Аперацыяй кіраваў камандуючы Заходнім фронтам генерал Антон Дзянікін.

Як выглядаў Крэўскі замак у момант завяршэння яго будаўніцтва, сёння можна толькі меркаваць. Бо дакументальных крыніц, якія пацвярджаюць яго аўтэнтычны выгляд, не захавалася, або яны невядомыя. Таму любое аднаўленне альбо рэканструкцыя замка будзе ўсяго толькі версіяй таго, што магло б быць. Першачарговая задача сёння - закансерваваць сцены і не дапусціць іх далейшага разбурэння.

За апошнія 5 гадоў было зафіксавана некалькі сур'ёзных абвалаў. Каб помнік архітэктуры не разбурыўся канчаткова, пачалі яго кансервацыю. Летась работы вяліся на Княжацкай вежы – адзінай, якая захавалася ў Беларусі, вежы данжон, якая сумяшчала ў сабе абарончыя і жылыя функцыі. На гэтыя мэты з фонду Прэзідэнта было выдзелена каля 100 тысяч рублёў.

Зараз вежа накрытая часовым дахам, затым яго заменяць на керамічную чарапіцу. Пасля этапа кансервацыі пачнецца рэстаўрацыя. Але выключна да ўзроўню ўстойлівай руіны. Па магчымасці адновяць часткі баявых галерэй. Камяні, якія з моманту разбурэння замка ляжалі ля яго падножжа, выкарыстаюць для нарошчвання таўшчыні сцен. Калісьці яна складала 2 з паловай метры.

Сёлета на захаванне Крэўскага замка выдзелена 880 тысяч рублёў. На сёння абсыпанне сцен зафіксавана на працэнтаў 70-80. Для аднаўлення выкарыстаюць спецраствор, распрацаваны выключна для Крэва. Яго колер у дакладнасці паўтарае аўтэнтычны колер мура. А вось склад - камерцыйная таямніца.

Для вонкавага мура паўночна-заходняй сцяны, якая найбольш захавалася, выкарыстоўваюць спецыяльную рэстаўрацыйную цэглу. Кожная адзінка выраблена ўручную. І як 8 стагоддзяў таму на кожным экзэмпляры - кляймо майстра. Работы павінны завяршыцца да лістапада.