Кароль балканскай музыкі Горан Брэгавіч выступіў у Мінску

24 ноября 2014

Эксклюзіўны канцэрт у Палацы Рэспублікі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Шырмы. Кароль балканскай музыкі, кампазітар, які агучыў фільмы Эміра Кустурыцы, выступіў у Мінску. Горан Брэгавіч у двухгадзінным шоу пры аншлагу выканаў як папулярныя хіты, так і новыя мелодыі з апошняга альбома. Наталля Бардзілоўская ўбачыла ўсё на свае вочы.


Рокерскі стыль і бляск у вачах. І не скажаш, што гадоў 40 таму ён грымеў у югаслаўскай Bijelo Dugme. У руцэ бакал (віно з уласных вінаграднікаў у Сараеве). Але сакрэт куражу хутчэй у цыганскім запале. Серб па маці, харват па бацьку - Брэгавіч з юнацтва ўлюбёны ў рамалэ і ў іх асяроддзі лічыць сябе сваім.


Горан Брэгавіч, кампазітар, музыкант (Боснія і Герцагавіна): Цыганы - гэта метафара, гэта тое, кім кожны хацеў бы быць па сутнасці. Гэта свабода і незалежнасць ад звыклай сістэмы каштоўнасцяў. Гэта запал і каханне.


Цыганскія матывыьў кожным з адзінаццаці яго альбомаў і ў музыцы больш чым да 30-ці фільмаў. У 80-х цыганская тэма аб'яднала землякоў Горана Брэгавіча і Эміра Кустурыцу.


Кінашэдэўр Час цыганоў стаў першым кінавопытам Брэгавіча. І самым удалым. Гэтым саўндтрэкам па сённяшні дзень адкрываецца афіцыйная праграма Канскага кінафестывалю.


Горан Брэгавіч, кампазітар, музыкант (Боснія і Герцагавіна): Эмір паказаў мне ўрыўкі з яшчэ негатовага фільма і прапанаваў напісаць музыку. У той момант я іграў рок і не пісаў музыку да кіно. Таму Час цыганоў было супрацоўніцтвам па сяброўстве.


Дарэчы, следам за Кустурыцам Брэгавіч адкрыў для сябе Беларусь.


Кароль балканскай музыкі Горан Брэгавіч на мінскай сцэне ўвесь у белым і з… Шампанскім! Менавіта так называецца частка новага альбома, які кампазітар прывёз у Беларусь. Дарэчы, у нашай краіне ён не ўпершыню, быў у 2009-м і выступаў у творчым тандэме з Прэзідэнцкім аркестрам.


Яго грымучую сумесь з рока, этна, джаза і сімфанічнай музыкі разам з аркестрам выконвала харавая капэла імя Шырмы. Плюс міні-аркестр самога Брэгавіча, яго кампазітар прынцыпова на кожны свой канцэрт возіць з сабой.


Віталь Кульбакоў, дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі: Музыка Брэгавіча - гэта балканская музыка, цыганская музыка, яўрэйская музыка, яна ўся поўная адрэналіну.


Двухгадзінны канцэрт скончыўся. Хто б мог паверыць, што гэты чалавек, які ўскалыхнуў залу і сарваў авацыі, 58 гадоў таму быў выключаны з сараеўскай музычнай школы з фармулёўкай за адсутнасць таленту.