Конкурс плакатаў адбыўся на Мінскай кніжнай выставе

13 февраля 2015

Мастацтва, носьбітамі якога становяцца не музейныя залы, а сцены дамоў і прыпынкаў. Увагу да плаката вырашылі прыцягнуць арганізатары міжнароднага конкурсу на Мінскай кніжнай выставе. Журы ўжо ацаніла работы – гэта плакат не рэкламны, а сацыяльны, патрыятычны, прысвечаны 70-годдзю Перамогі.

Расказвае Наталля Бардзілоўская. Мода на білборд як сродак і інфармацыі, і рэкламы, і ўздзеяння на свядомасць чалавека не выкрасліла актуальнасць мастацтва плаката. Больш за тое, пасля трыццацігадовага перапынку адроджаныя творчыя спаборніцтвы плакатыстаў. Міжнародны конкурс плаката аб’яднаў каля 500 маладых людзей з 10-ці краін свету ва ўзросце ад 12 да 40 гадоў.

Сярод лідараў конкурсу плакатысты Беларусі і Расіі, Арменіі, Казахстана і Украіны. Работай нумар адзін названы творчы праект “Я таксама буду героем, як мой дзед” - плакат тройкі суаўтараў з Гродна.

Зрэшты, у Беларусі і спецпрыз конкурсу, плакат студэнта Беларускай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Анджэліча.

Ні ў адной мастацкай навучальнай установе Беларусі спецыяльна плакатыстаў не рыхтуюць. Знаёмства з жанрам на сваіх кафедрах атрымліваюць будучыя дызайнеры і графікі. Плакат для іх – своеасаблівая творчая лабараторыя, у якой маладыя мастакі вучацца канкрэтную інфармацыю пераносіць праз трапныя праектныя вырашэнні.

Многія з гэтых студэнцкіх плакатаў не толькі бяруць прызы на конкурсах, але і выходзяць у масавы друк, у вялікія тыражы. І дамінуе сёння менавіта сацыяльны плакат.