Кераміка, пляценне з саломкі, разьба па дрэве прапанаваныя на экспазіцыі ў галерэі "Універсітэт культуры"

22 ноября 2023

Кераміка, пляценне з саломкі, разьба па дрэве. Такі арт-"Гасцінец", прапанаваны на  экспазіцыі ў галерэі  "Універсітэт культуры", - вынік плённай працы  студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў  Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Сёлета навучальная ўстанова адзначае 30-годдзе спецыяльнасці "дэкаратыўна-прыкладное мастацтва".

Творчую сімфонію навучальнага працэсу пачула  Ларыса Гулякевіч.

 "Гасцінец" - у падарунак любімаму гораду. Больш за 150 творчых работ аб'яднала экспазіцыя ў галерэі “Універсітэт культуры”. Выстава - вынік плённай працы навучэнцаў, выпускнікоў і педагогаў Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Вось ужо 30 гадоў ва ўстанове адкрыта спецыяльнасць "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва". 

У калектыўных і аўтарскіх работах юныя майстры ўвасобілі славутасці Беларусі, гістарычныя вобразы, народныя святы, жамчужыны нашай прыроды. Па сакрэты іх стварэння і ўрокі майстэрства мы адправіліся на заняткі ў  каледж.

Саламянае царства ў каледжы мастацтваў! Тут выкладаецца увесь працэс ад нарыхтоўкі, падрыхтоўкі матэрыяла  да стварэння аплікацый і саламяных скульптур. Ну а пляценне павукоў-абярэгаў нават уваходзіць у праграму першага курса.

Аплікацыя патрабуе не толькі валодання прафесійнымі навыкамі, але і дакладнага ведання характару саламянага матэрыялу. Аліна Груздзева упэўнена - атрыманыя базавыя веды па спецыяльнасці "дэкаратыўна прыкладное мастацтва"  дапамогуць ёй пры паступленні ў Акадэмію мастацтва на графічны дызайн.

Кожны саламяны ўзор яшчэ з часоў нашых продкаў мае пэўны сэнс. Іх вывучэннем разам з традыцыямі беларусаў займаюцца навучэнцы каледжа падчас творчых заняткаў. 

Тут творчасць сябруе з прафесійным навыкамі,  выкладчыкі з юнымі рамеснікамі, а сучасныя дызайнерскія ідэі з традыцыйнымі прыроднымі матэрыяламі.

Вучаць тут і працаваць з дрэвам. У розных тэхніках. Ажурна-рэльефная і аб’ёмна-скульптурная разьба дапамагае зрабіць шкатулкі, дэкаратыўныя рамы для люстэркаў, выявы птушак і жывёл - сапраўднымі творамі мастацтва.

Да стварэння драўляных скульптур у Юліі Казакевіч падыход асаблівы. Будучыню плануе звязаць з анімацыяй. У марах  - зрабіць лялечны мультфільм, дзе казачныя героі будуць выкананы з розных парод дрэў.

Навучанне па спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ў каледжы ідзе па трох кірунках: мастацкая кераміка, апрацоўка дрэва, вырабы з саломкі, льну і паперы. А летась у навучальнай установе адкрыўся яшчэ адзін профіль - "Аб’ёмны дызайн".