Да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" ізноў далучыцца Беларусь

19 мая 2018

Культурная бяссонніца сёння ахопіць усю планету. Да міжнароднай акцыі "Ноч музеяў" ізноў далучыцца Беларусь. Запланаваныя сотні мерапрыемстваў. Упершыню ў праекце ўдзельнічае і кінатэатр. Гэтай ноччу пакажуць фільмы аб знакавых палотнах і жыцці вялікіх мастакоў Босха, Караваджа, Ван Гога.

А ў Нясвіжы "Ноч музеяў" праходзіць у фармаце опен-эйр. У гэтыя хвіліны ля сцен замка Радзівілаў ідзе рок-канцэрт. Там працуе і наша здымачная група. На прамую сувязь са студыяй зараз выходзіць Вольга Мядзведзь.

Увесь дзень Радзівілы Сіротка, Рыбанька і Антоній Вільгельм, якія валодалі замкам у розныя часы, вадзілі гасцей па залах і пакоях, распавядалі сямейныя таямніцы і вучылі танцаваць паланэз. А ў гэтыя хвіліны ва ўнутраным панадворку палацава-паркавага ансамбля разгарнулася канцэртная пляцоўка. І тут зусім не тэатр Уршулі Радзівіл, а J:МОРС са сваімі лепшымі хітамі.

З такім маштабам гісторыка-культурны комплекс адзначае свой юбілей. Так супала, што ў гэтую ноч музею-запаведніку 25 гадоў. З нагоды двайнога свята тут адкрылася новая выстава "Чвэрць стагоддзя" - гісторыя замка скрозь экспанаты, якімі карыстаўся магнацкі род, публікацыі і фатаграфіі. Нясвіжская "Ноч музеяў" праходзіць у фармаце опен-эйр. Апроч канцэрта, дзейнічаюць фотазоны, праходзяць касцюмаваныя тэатралізаваныя спектаклі, прыгодніцкі квэст ля ратушы і на замкавых валах, паўнавартаснае падарожжа на некалькі стагоддзяў у мінулае.

У гэтыя хвіліны "J:МОРС" прапануе спецыяльную праграму "Натхненне - Нясвіж". Сэт-ліст фактычна з 2 дзясяткаў кампазіцый, спецыяльна падабраных пад шматвяковы антураж і тэму вечара. На Замкавай плошчы разгарнуўся імправізаваны партэр пад адкрытым небам, пад канцэрт тут расставілі месцы для наведвальнікаў.

Дарэчы, гледачоў, нягледзячы на пераменлівае надвор'е, сабралася шмат. Гэта не толькі жыхары найбліжэйшых вёсак, але і госці з розных месцаў Беларусі, а таксама замежныя турысты. Апагеем святочнага вечара або, правільней сказаць, ночы стане маляўнічы феерверк. Да яго пачатку засталіся лічаныя хвіліны.