Да 130-годдзя Марка Шагала адкрыецца рэспубліканская выстава сучаснага мастацтва

18 апреля 2017

Сёння ў Мінску да 130-годдзя самага вядомага авангардыста ХХ стагоддзя - Марка Шагала - адкрыецца рэспубліканская выстава сучаснага мастацтва. Адпраўным пунктам экспазіцыі выступіў сапраўдны жывапісны твор "Закаханыя", яго даставяць на адкрыццё вернісажу. Усяго ў выставачных залах Палаца мастацтваў размясцілася больш за 200 карцін і канцэптуальных арт-аб'ектаў. Графікі, скульптары, жывапісцы, майстры дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва - кожны працуе ў аўтарскай тэхніцы, але ўсе майстры аб'яднаныя імпрэсіяй на тэму Шагала.

Наталля Шаранговіч, гендырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў:

"Напрамак усіх гэтых прац, якія тут паказаныя (яны ўсе трошкі ў наватарскім стылі), - гэта не чыста традыцыйны жывапіс або скульптура, гэта менавіта спроба ў традыцыйным жанры вылучыць нейкі новы складальнік, што, уласна кажучы, было характэрна і для творчасці Шагала".

Ужо заўтра ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адкрыецца другая частка экспазіцыі - выстава "Шорт-ліст", сабраная з работ намінантаў на Нацыянальную прэмію ў галіне выяўленчага мастацтва.