Выдавецтву "Народная асвета" спаўняецца 65 гадоў

1 апреля 2016

Мільёны кніг мільярднымі тыражамі. Выданні "Народнай асветы" трымаў у руках кожны беларус. І кожны вучыўся па іх чытаць. Сёння выдавецтву спаўняецца 65 гадоў.

Аб тым, як ствараюцца падручнікі - Алена Борматава. "Народная асвета" у 1951 годзе стваралася як вучэбна-педагагічнае выдавецтва, выключна для дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту. Кірунак дзейнасці захавала і сёння. За пяць гадоў тут выдалі 900 найменняў падручнікаў агульным тыражом шэсць з паловай мільёнаў экзэмпляраў. Плюс мастацкая літаратура для дзяцей. І калі падручнікі выходзяць тыражом сто тысяч, то кнігі – максімум дзве тысячы. Гэта бадай адзінае ў краіне выдавецтва, якое друкуе кнігі згодна з нарматывамі.

Абавязковае патрабаванне і выкананне санітарных норм і стандартаў Міністэрства аховы здароўя. Гэта датычыцца якасці паперы і фарбы. Сёння тут выпускаюць кнігі, па якіх беларускія школьнікі будуць вучыцца з 1 верасня. Новыя падручнікі па біялогіі, матэматыцы, алгебры і фізіцы.

Падручнік па кожным прадмеце выдаецца адразу на дзвюх мовах – рускай і беларускай. Тэрмін карыстання, ці кажучы мовай выдаўцоў, фундзіравання падручніка – ад пяці да сямі гадоў, у залежнасці ад колькасці гадзін прадмета на тыдзень.

Штогод выдавецтва "Народная асвета" выпускае больш як 50 найменняў кніг. Гэта і падручнікі, і мастацкая літаратура, і вельмі рэдкія выданні шрыфтам Брайля. Максімальны тыраж такіх кніг – 40 экзэмпляраў. Друкуюць гэтыя падручнікі на спецыяльным матэрыяле – полістыроле. З ім знаёмыя літаральна ўсе беларусы. Менавіта з яго робяць тару пад розныя прадукты харчавання, напрыклад, пад смятану.

Вялікі фармат, адсутнасць колеру вылучае падручнікі, выдадзеныя шрыфтам Брайля. Пачалі два дзесяцігоддзі таму. Першым выпусцілі літаратуру для 5 класа. Зараз працуюць над самым складаным – матэматыкай для 10.

Рэдагаваннем літаратуры па Брайлю займаецца чалавек, які дасканала валодае сістэмай знакаў і кропак. Менавіта камбінацыя кропак і складае шрыфт Брайля. Выпусцілі мастацкую кнігу «"А зори здесь тихие", у планах – выданне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь шрыфтам Брайля.