Івана Жыган прывезла ў Беларусь маштабную пастаноўку "Белыя жураўлі"

5 мая 2015

Подзвігу гэтых людзей жыць у вяках. Аб падзеях Другой сусветнай вайны напярэдадні свята ў Мінску - прэм'ера. Актрыса з Сербіі, рэжысёр Івана Жыган у Беларусь прывезла сваю маштабную пастаноўку "Белыя жураўлі". Спектакль пра барацьбу з фашызмам аб'яднаў дзве краіны на сцэне, каб разам яшчэ раз успомніць страшныя падзеі тых дзён і адсвяткаваць вялікую перамогу.

Аб культурным узаемадзеянні - рэпартаж Юліі Лосікавай. 

Сербская мова ў сценах музычнага тэатра гучыць упершыню. Рэжысёр Івана Жыган свой ваенны мюзікл "Белыя жураўлі" прывезла з Бялграда. Ён прысвечаны ўнёску ўсіх народаў Савецкага Саюза ў разгром фашызму. Гераічнасць і мужнасць народаў - аснова лібрэта. На яго нанізаны харэаграфічныя і пластычныя нумары, народныя танцы і ваенныя песні, якія складаюць генафонд нашых краін. Легендарныя "Цёмная ноч", "Хлопчыкі", "Жураўлі" ў яе пастаноўцы гучаць на сучасны манер. Многія выконвае сама Івана, у мюзікле ў яе адна з вядучых сольных партый.

Яна прыляцела ў Мінск за некалькі дзён да прэм'еры, каб у рэкордна кароткія тэрміны адаптаваць сваю музычную драму да новай пляцоўкі. Аднак завочна рыхтавацца пачала яшчэ месяц таму. Беларускаму партнёру - харэаграфічнай кафедры ўніверсітэта культуры - адправіла відэаматэрыялы з тэкстамі песень і сербскімі народнымі танцамі.

Нацыянальную культуру Сербіі, а больш дакладна вакальную і танцавальную школы прадэманструюць тытулаваныя сербскія артысты. Зоркі не толькі на радзіме. Барытон Марка Каяланавіч - оперны саліст з сусветным імем, а спявачка Алена Тамашэвіч - адна з фаварытак "Еўрабачання 2008" і госця фестывалю "Славянскі базар у Віцебску".

Замест сцэнаграфіі - тры вялікія відэаэкраны з дакументальнай ваеннай хронікай. Яе рэжысёр адбірала з сербскай відэатэкі. Для прэм'еры ў Мінску з радзімы Івана таксама прывезла і свае нацыянальныя танцавальныя касцюмы.

Ваенную форму і рэквізіт дала нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", народныя беларускія касцюмы - універсітэт культуры.