Іспанскі мастак Давід Кайаа Жэнэ ўжо 3 месяцы піша Мінск

29 мая 2013

Ён прыехаў да нас з Каталоніі ў пошуках натхнення. Як распешчаны гарачым кліматам мастак перажыў цыклон Хаўер, і навошта ён штодня купляе метры льняной тканіны?


У творчых анамаліях разбіралася Іна Пілевіч.

У яго жывапісна працуе не толькі пэндзаль у руках, але і тапкі на нагах. Давід Кайаа Жэнэ літаральна топчацца па свежай фарбе. Пакідаць адбіткі свайго абутку на халсце - гэта аўтарскі прыём мастака з Іспаніі. Ён прамяняў мора, горы на магчымасць у Беларусі твар у твар сустрэцца з Белай стыхіяй. А экзатычнага для мастака снегу сёлета на Мінск выпала дастаткова. Пачатак візіту акурат і прыпаў на дзень бурана з іспанскім імем Хаўер.

Давід Кайаа Жэнэ, мастак (Іспанія): Я пакуль яшчэ знаходжуся пад уражаннем ад вельмі халоднай зімы ў Мінску. І ў сваіх работах адлюстроўваю, як людзі пакідаюць сляды на снезе….

Ужо тры месяцы Давід піша Мінск у падвальным памяшканні ў цэнтры сталіцы. Арганізавалі творчую і жыллёвую плошчу беларускія калегі, з якімі наладзіў стасункі падчас інтэрнацыянальнай выставы. Дарэчы, за кожным днём прабывання каталонца ў Мінску сочыць наш фотамастак Данііл Парнюк. Усю раскадроўку побач з палотнамі прэзентуюць на сумеснай выставе.

Данііл Парнюк, фотамастак: Вялікае ўражанне на яго зрабіла, калі маладыя жанчыны дораць кветкі пажылым мужчынам. У Еўропе кветкі, аказваецца, не дораць. Імі дэкарыруюць святы. Падарунак кветкі лічыцца слабасцю. І калі ён убачыў гэта, быў уражаны. А для нас гэта проста свята 9 Мая.

З сабой не браў пэндзляў, фарбаў і мальбертаў. Усё набыў тут. Дарэчы, матэрыял для палатна знайшоў не ў спецыялізаваным мастацкім, а ў звычайным тэкстыльным магазіне. Штодзень Давід набывае метры льняной тканіны. Палатно як сцяна. Гіганцкія карціны размежавалі галерэю ў шматпакаёвую кватэру. Палотны даўжынёй да 4 метраў расцягнуліся у тым ліку і па столі, і па падлозе. Таму прагляд экспазіцыі больш нагадвае блуканне па мастацкім лабірынце.

Каштаваў агуркі з банкі, парыўся ў лазні, блукаў па лесе. Усё гэта ён перадае ў фарбах. Дарэчы, большасць вобразаў Давід знайшоў на Камароўскім рынку, непадалёку ад якога і знаходзіцца майстэрня.

Давід Кайаа Жэнэ, мастак (Іспанія): Штодзень гуляў па вуліцы. Асабліва па душы Камароўка. Вельмі вобразнае і каларытнае месца. Бабулі ў хустачках, студэнты з канспектамі, гандляры ў пераходзе. Усе яны сталі героямі маіх карцін.

У свае 40 - усё яшчэ студэнт. Давід не мае прафесійнай адукацыі, толькі тры незакончаныя. Дарэчы, свае палотны ў Іспанію з сабой не забірае. Пасля прэзентацыі ў галерэі Шчамялёва выстава будзе вандраваць па рэгіёнах Беларусі. Сам жа мастак у лістападзе адпраўляецца ў Ізраіль, каб пісаць работы, прысвечаныя мясцоваму побыту.