Ілюстрацыі графікі ў Нацыянальным мастацкім, ракурсы малой радзімы ў майстэрні "Паветра" - дайджаст выставачных праектаў у рубрыцы «Праменад»

29 июля 2022

Фінальныя цітры прэм'ерным паказам. Так у мажорных інтанацыях Тэатр-студыя кінаакцёра завяршала сезон. Ілюстрацыямі тыражнай графікі мільгаюць выставачныя залы Нацыянальнага мастацкага музея, і ў суботу найбуйнейшая выставачная лакацыя краіны чакае эстэтаў на праменад па творах сёлетніх юбіляраў. Арт-плошчы Палаца мастацтва запоўнілі экспанаты з Гомеля. Свае ракурсы малой радзімы прапанавала творчая майстэрня "Паветра". Дайджаст выставачных праектаў у Дар'і Тарасавай

Да якіх сюжэтаў звярталася Нацыянальная мастацкая школа на працягу 130 гадоў і як за гэты час стылістычна эвалюцыянавалі беларускія майстры пэндзля? Адказы ўжо рассакрэчаныя ў Нацыянальным мастацкім. Гучныя юбілейныя даты праектам "Наша калекцыя" тут рэзюмуюць ужо 16-ы раз. Дыяпазон сезона-2022 - гэта адразу 90 ракурсаў ад паўсотні аўтараў.

Пачуць голас пакаленняў - такую звышзадачу з сезона ў сезон вырашаюць музейныя фонды Нацыянальнага мастацкага. Самыя раннія даціроўкі экспазіцыі "Рака часу" - парныя партрэты 1887-га, пазнейшыя - канец 2010-га. Больш чым векавы зрэз - гэта агляд почыркаў, якія пісалі сацзаказы і фігуратыўныя палотны з фокусам на свет пачуццяў. Знойдзем і экспанентаў, атрыбутаваных як вернутыя каштоўнасці. Сярод іх і палатно "На рыштаваннях" Гаўрыленкі. Арт-сведчанне пасляваеннага адраджэння Мінска. 

Нацыянальны мастацкі ангажуе эстэтаў і на аўдыенцыю з калекцыяй беларускай тыражнай графікі. Партыя правадніка ў праект з рэмаркай "Кніжны арт". На разваротах паміж радкоў чытаем і кампазіцыйнае вырашэнне для беларускамоўнай версіі казкі пра цара Салтана, і візуальнае апавяданне для твора нобелеўскага лаўрэата па літаратуры Халдара Лаксенса.

Якім казачным героям стала цесна на кніжных старонках? Шукаць разгадкі прапануюць на выставачных плошчах музея. А ў залах пераходнай галерэі арт-прастору дзеляць тыражная графіка ў чорна-белым выкананні і колеры. Візуалізацыя склада Купалы і Коласа за народнымі мастакамі Беларусі Паплаўскім, Кашкурэвічам, Шаранговічам. Ілюстрацыі да буквара ўзору 1919-га ўбачым у фарбах Вацлавы Флёры. Літаратурнымі артэфактамі для паўнаты апавядання падзялілася і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Арт-пасылка з гомельскімі ініцыяламі паспяхова дастаўленая ў Палац мастацтва. Урбаністычныя прасторы, зафіксаваныя ў жывапісе і кераміцы, ад школы юных аўтараў творчай майстэрні ўбачым у тандэме з педсаставам. Не заблукаць у гарадскіх канцэптуальных ландшафтах дапаможа дзіджытал-даведнік.

Даведацца аб бэкграўндзе студыі, спампаваць стыкер пару пэндзля вучняў і пачуць, як гучаць творы ў нотах - усе гэтыя опцыі даступныя для тых, хто скарыстаецца QR-кодамі. Раскадроўку ўрбаністычнага асяроддзя зафіксавалі ў алеі, гуашы, графіцы і кераміцы. Сюжэтны размах - ад серыі, натхнёнай мясцовымі кавярнямі і гарадскімі тыпажамі жыхароў да сціплых камуналак і палацавых ансамбляў. Статусам суаўтараў абяцаюць падзяліцца на класах.

Такім быў арт-дайджэст гэтага тыдня. Сачыце за навінамі ў рубрыцы "Праменад" кожную пятніцу і выбірайце свой культурны маршрут.