Гучныя прэм'еры, знакамітыя рэжысёры. У Мінску стартуе "Лістапад"

2 ноября 2018

Сёння стартуе адна з галоўных кінападзей года. Мінскаму фестывалю "Лістапад" - 25! На юбілейным форуме канцэнтрацыя гучных прэм'ер, знакамітых рэжысёраў і адкрыццяў у свеце кіно. Пад слоганам "Пазнаваючы белы свет" арганізатары пакажуць больш за 160 прэм'ерных стужак на сямі пляцоўках сталіцы. У Мінск ужо прыбылі першыя госці.

Расказвае Лідзія Заблоцкая. Менавіта тут, у Нацыянальным аэрапорце, пачынаецца новая "лістападная" гісторыя для рэжысёраў, сцэнарыстаў, кінакрытыкаў і журналістаў. Больш за 140 гасцей з 36 краін свету. Некаторыя ўжо сышлі з трапа. Адным з першых стаў узбекскі акцёр і рэжысёр Рустам Сагдулаеў. Той самы Рамэа з Ташкента з фільма "У бой ідуць адны старыя" - ганаровы госць фестывалю.

55 гадоў на экране і звыш паўсотні роляў. У 23 ён атрымаў усесаюзную славу дзякуючы рэжысёру Леаніду Быкаву і яго легендарнаму фільму "У бой ідуць адны старыя".

У ноч перад вылетам Рустам Абдулаевіч яшчэ быў на здымках фільма "Тэмур". Акцёр запатрабаваны ва ўзбекскім і расійскім кінаасяроддзі. Не толькі здымаецца, але і здымае. У пачатку 2000-х Сагдулаеў адкрыў сваю кінастудыю. Там жа зняў серыял "Сляпыя", які ўзяў III прэмію Маскоўскага фестывалю тэлефільмаў.

У спісе запрошаных гасцей народная артыстка Расіі актрыса Святлана Немаляева. Калега Навасельцава са "Службовага рамана", жонка Гуськова з "Гаража" і мадам Зізі. Яна працавала і з Кірай Муратавай. Назва карціны вядомага рэжысёра "Пазнаваючы белы свет" стала слоганам юбілейнага "Лістапада".

Праз некалькі гадзін фестываль пачне сваю працу. У кінатэатры "Цэнтральны" пройдзе прэс-канферэнцыя з удзелам ганаровых гасцей. А ў 16:30 у рамках пазаконкурснай праграмы "Жаночыя гісторыі" адбудзецца першы кінапаказ. Пад нумарам 1 у афішы гісторыя рэжысёра Марысі Нікіцюк "Калі падаюць дрэвы". Галоўная падзея - урачыстае адкрыццё і сустрэча гасцей на чырвонай дывановай дарожцы - пройдзе традыцыйна ў кінатэатры "Масква".