Гарадзішча Опчын стала месцам правядзення самых маштабных археалагічных раскопак

18 июля 2013

Старажытнае гарадзішча Опчын, што ў Любанскім раёне, стала месцам правядзення самых маштабных археалагічных раскопак за апошнія 10-годдзі. На аб'екце, які з'яўляецца здабыткам гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, удзельнікі навуковай экспедыцыі знайшлі каштоўныя артэфакты трохтысячагадовай даўніны.


Дакрануцца да гісторыі сёння ўдалося і Аксане Шыдлоўскай.

Старажытнае гарадзішча Опчын - прывабная тэрыторыя, як для археолагаў, гісторыкаў, так і для тых, хто здабывае калійныя солі. Радовішча тут багатае, таму на месцы помніка гісторыка-культурнай спадчыны ў хуткім часе з'явіцца горна-абагачальны камбінат. Каб не згубіць каштоўныя артэфакты і тым самым захаваць сляды бронзавага стагоддзя для нашчадкаў, найперш было вырашана правесці археалагічныя раскопкі. За кошт забудоўшчыка.


Навуковым куратарам археалагічных даследаванняў выступае Інстытут гісторыі НАН Беларусі. Раскопкі праводзяць яго супрацоўнікі разам з валанцёрамі. 18 тысяч квадратаў гарадзішча і абарончага валу - такая неабсяжная плошча цалкам будзе даследавана ў нашай краіне ўпершыню.


Алесь Максімовіч - аспірант інстытута гісторыі, у раскопках прымаў удзел неаднойчы. Але кожны раз з хваляваннем уласнымі рукамі здымае пласт за пластам.


Па наяўнасці попелу ў пластах археолагі прыйшлі да высновы, што гарадзішча два разы выгарала. Але людзі тут пастаянна не жылі - знаходак няшмат. Сярод іншых артэфактаў - крэмневы скрабок, бронзавыя зліткі, рэшткі шкляных караляў і керамікі з незвычайным арнаментам.


Па выніках навуковых археалагічных даследаванняў гарадзішча Опчын дзесьці напраканцы года будзе выдадзена калектыўная манаграфія. А ўсе знаходкі пасля рэстаўрацыі і кансервацыі ў інстытуце гісторыі стануць экспанатамі Любанскага музея народнай славы.