Фотавыстава пра Мірскі замак адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі

21 октября 2013

Свет вачыма падарожніка. Выстава фатаграфіі пра Мірскі замак і яго наваколлі адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. У экспазіцыі здымкі прафесіяналаў суседнічаюць з работамі аматараў, якія з дапамогай цікавых кампазіцый перамаглі ў фотапленэры.


Іна Пілевіч упэўнена, што выстава стане дадатковай рэкламай культурнай спадчыны Беларусі для турыстаў.


У гэтым жанры, па сутнасці, здымае кожны падчас падарожжаў. Travel-фота альбо турыстычная фатаграфія фіксуе ўражанні ад ваяжу. Жывапісныя пейзажы, гістарычныя помнікі, незвычайныя рысы, знятыя рознымі майстрамі, сабралі ў адну выставу.


Буйным, сярэднім, агульным планам - Мірскі замак і яго ваколіцы. Помнік архітэктуры ў розных ракурсах фатографы разглядалі вясной на спецыяльна арганізаваным пленэры.


Гэта спроба папоўніць фотакалекцыю замкавага комплексу, якая пачала фарміравацца яшчэ ў 19 стагоддзі. А сучаснікам былі прапанаваны на выбар тры экскурсійныя маршруты. Фоташляхі праходзілі па абарончых вежах, пастаяннай экспазіцыі і самім мястэчку Мір.


Палявалі на ўдалы кадр як у спякоту, так і ў дождж. Нягледзячы на капрызы надвор'я, у фатаграфічнае падарожжа адправіліся асобныя групы прафесіяналаў і аматараў. Камеры і аб'ектывы розных калібраў на выбар далі арганізатары пленэра. У выніку 34 майстры напстрыкалі пад тры сотні здымкаў. А яшчэ пару сезонаў таму такія кадры немагчыма было зрабіць з-за рэстаўрацыйных работ.


Пераможцаў пленэру выбіралі як прафесіяналы, так і інтэрнэт-карыстальнікі. Лідары галасавання атрымалі па лічбавай камеры і магчымасць выстаўляцца. Мір вачамі падарожніка цяпер штодзень ацэньваюць турысты на 22-ім паверсе Нацыянальнай бібліятэкі ў галерэі Панарама.