Яшчэ дзень - і юбілейны "Славянскі базар у Віцебску" стане гісторыяй

19 июля 2016

Фестываль адбыўся. Свята атрымалася. Яшчэ дзень - і юбілейны "Славянскі базар у Віцебску" стане гісторыяй. Урачыстая цырымонія закрыцця міжнароднага форуму мастацтваў адбылася напярэдадні вечарам. Аднак у праграме яшчэ два канцэрты. У гэтыя хвіліны аншлаг на шоу зорак шансона. Заўтра адбудзецца канцэрт Дзіяны Арбенінай. Тым часам арганізатары фестывалю падводзяць вынікі. XXV "Славянскі базар" стаў самым маштабным. 130 мерапрыемстваў, рэкордная колькасць гасцей і краін-удзельнікаў. Марына Раманоўская пра ўражанні, якія кожны павязе са святочнага Віцебска.

XXV юбілейны "Славянскі базар" ужо ўвайшоў у фестывальны летапіс з адзнакай "рэкордны". 45 краін-удзельнікаў, больш за 130 праектаў, сотні акрэдытаваных журналістаў з дзесяці краін свету. Такога ў фестывальным Віцебску яшчэ не было.

Тэатралізаваныя пляцоўкі пад адкрытым небам, выставы, кінапаказы і перформансы на вуліцах фестывальнага Віцебска. Гэта толькі малая частка культурнай праграмы міжнароднага свята. Самыя грандыёзныя шоу-праграмы па традыцыі прайшлі на галоўнай пляцоўцы форуму - у Летнім амфітэатры. Шасцітысячную залу сабралі сольныя канцэрты Сяргея Лазарава, Крысціны Арбакайтэ, Максіма Галкіна. Доўгачаканым госцем свята стала Ала Пугачова.

Адной з самых знакавых падзей міжнароднага форуму стала адкрыццё новай зоркі на плошчы лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі "Праз мастацтва - да міру і паразумення". Высокай узнагароды ўдастоіўся Дзяржаўны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраваннем Міхаіла Фінберга.

Гэтая пліта з залатымі літарамі дванаццатая за гісторыю фестывалю. Тут ёсць зорка Сафіі Ратару, Уладзіміра Мулявіна, Льва Лешчанкі, Надзеі Бабкінай, Валерыя Лявонцьева. Падчас "Славянскага базару" сюды абавязкова прыходзяць маладыя артысты, якія таксама мараць пра зорны алімп.

Больш за сорак удзельнікаў дзіцячага і дарослага музычных конкурсаў прыехалі з розных краін свету па перамогу ў Віцебск. Беларуска Анастасія Жабко стала лаўрэатам першай прэміі дзіцячага песеннага спаборніцтва. Прадстаўнік нашай краіны на конкурсе выканаўцаў эстраднай песні Аляксей Грос удастоены Гран-пры. Пераможцу журы вызначыла аднагалосна.

Прэмію Уладзіміра Мулявіна журы конкурсу прысудзіла выканаўцу з Мексікі Хорке Рамана. Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "Славянская надзея" павязе на радзіму прадстаўніца Чэхіі Міхаела Гемротава.

Апошнія акорды "Славянскага базару" прагучалі. Але свята ў Віцебску працягваецца. На сцэне Летняга амфітэатра сёння спяваў Аляксандр Разенбаум. Менш за гадзіну застаецца да канцэрта зорак шансона. А заўтра на галоўнай сцэне фестывальнага Віцебска выступіць Дзіяна Арбеніна і гурт "Начныя снайперы". Арганізатары абяцаюць чарговы аншлаг.