Экспазіцыя прасторавых скульптур "Арт-астравы" адкрылася ў парку Перамогі

15 июня 2017

У парку Перамогі пад адкрытым небам сёння пачынаецца экспазіцыя прасторавых скульптур "Арт-астравы". Над аб'ёмнымі палотнамі з дрэва, пластыку і бетону, якія дзівяць формай і памерамі, інтэрнацыянальная каманда майстроў працавала некалькі месяцаў. Працуе там і наша здымачная група. На прамую сувязь са студыяй выходзіць Надзея Сербіненка.

Зараз мы знаходзімся ў парку Перамогі, менавіта тут і размясціліся інсталяцыі. Афіцыйнае адкрыццё адбылося гадзіну таму - і дарэчы, "Арт-астравы" тут вырастаюць ужо трэці раз. Да ўжо знаёмых мінчанам вялізнага крэсла, прышчэпкі, канцылярскай кнопкі велічынёй з двухпавярховы дом сёлета дадасца яшчэ 11 новых арт-аб'ектаў. Аўтары прасторавых кампазіцый - і вядомыя мастакі і скульптары, і пачаткоўцы. Для ўдзелу ў "Арт-астравах" таксама запрошаныя і майстры з Берліна - яны зрабілі скульптуру ва ўрбаністычным стылі тэйп-арт. Падрабязней пра самыя цікавыя інсталяцыі нам распавядзе Наталля Шаранговіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў (відэа).

Хачу нагадаць, што галоўная асаблівасць гэтай выставы пад адкрытым небам - поўны інтэрактыў. Рукамі чапаць дазволена ўсё! А таксама глядзець, рабіць сэлфі, а на некаторыя скульптуры нават залазіць. Тэму жыцця вялікага горада майстры - кожны па-свойму - выказалі ў работах. "Арт-астравы" - гэта свайго роду падарунак Мінску да 950-га дня нараджэння. Таму да сярэдзіны верасня пляцоўка адкрытая для ўсіх.