Экспанаты з розных архіваў аб'ядналі гісторыі беларускіх пісьменнікаў у Музеі Янкі Купалы

3 июня 2016

Апошнія лісты Максіма Гарэцкага, самаробны кій Уладзіміра Дубоўкі і рукапісы Якуба Коласа. Экспанаты з розных архіваў аб'ядналі гісторыі беларускіх пісьменнікаў у Музеі Янкі Купалы. Пра асабістыя рэчы і дакументы вядомых літаратурных дзеячаў у рэпартажы Вольгі Мядзведзь.

“Ісці разам усё жыццё”. Гісторыі вядомых беларускіх пісьменнікаў у адной зале. 15 аўтараў, без якіх наўрад ці можна ўявіць нацыянальную літаратуру. Сябры і прадаўжальнікі песняра Купалы паказаныя выключна ў арыгінальных сямейных фотаздымках, асабістых рэчах і дакументах, якіх гледачы раней не бачылі. Пісьменнік, перакладчык, фалькларыст Максім Гарэцкі. У нацыянальных архівах знайшліся некалькі здымкаў рэпрэсіраванага літаратара і апошнія лісты Гарэцкага перад прысудам.

І ўсё ж галоўнае на выставе - не хрэстаматыйны аўтабіяграфічны стэнд беларускага класіка. Тут і зборнікі з творамі, і здымкі з каханай жонкай. Менавіта яна, Уладзіслава Станкевіч, была стваральніцай і першым дырэктарам сучаснага купалаўскага музея у аднайменным скверы ў цэнтры Мінска.

Каханне ад Першай да Другой сусветнай вайны. 26 гадоў у поўнай ідыліі народны пясняр правёў са сваёй жонкай. Упершыню можна ўбачыць і дакументальнае пацвярджэнне. Пашпарты Івана Луцэвіча і Уладзіславы Станкевіч са штампам аб рэгістрацыі вянчання за 1916 год.

Цырымонія прайшла роўна сто гадоў таму ў маскоўскім касцёле святых Пятра і Паўла, але да нашых дзён ён, на жаль, не захаваўся. Побач з Купалам на выставе таксама і першы беларускі аўтар дэтэктываў Караткевіч, і баечнік Крапіва, і акадэмік Глебка.