Адзіны ў краіне Музей савецкай эпохі 7 лістапада расчыніў дзверы ў Круглянскім раёне

7 ноября 2016

Гэта не толькі значны эпізод у палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай гісторыі краіны. Гэта і цэлая эпоха ў мастацтве. Сімвалы яе станаўлення адлюстроўваліся ў кнігах, у карцінах, на фота і марках. Праз 25 гадоў пасля распаду Саюза такія экспанаты набываюць асаблівую каштоўнасць. У гэтым упэўніўся Андрэй Ястрабаў.

Дом Мікалая Панкрата людзі называюць музеем эпохі Леніна. Асабліва тэарэтыкі камунізму - у бронзе, гіпсе і бетоне - карыстаюцца папулярнасцю. Толькі бюстаў правадыра пралетарыяту больш як 400. І ніводны, дарэчы, не паўтараецца. Калі ўгледзецца ў твар Уладзіміра Ульянава, можна здагадацца, з якой рэспублікі СССР ён прывезены.

"Гэты Ленін больш за іншых,- гаворыць калекцыянер,- грэе душу". Бо менавіта перад ім і тварам сваіх таварышаў яшчэ школьнікам Мікалай Панкрат прымаў клятву піянера. Дарэчы, гэтыя бюсты - падарункі працоўным калектывам розных прадпрыемстваў і арганізацый за перамогу ў сацспаборніцтве. Цудам атрымалася іх захаваць і сабраць разам. Зараз ад турыстаў адбою няма.

Для такой маштабнай калекцыі рарытэтаў адведзена палова дома. "Але месца ўсё роўна не хапае", - гаворыць Мікалай Панкрат. Вуліца ператвараецца паволі ў музей пад адкрытым небам. Чаму выпадковыя прахожыя толькі рады.

Адзіны ў краіне Музей савецкай эпохі ў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі расчыніў дзверы ў Круглянскім раёне. Ад радыёпрыёмнікаў да першага відэамагнітафона. А яшчэ лямпавыя тэлевізары, фен вагой некалькі кілаграмаў. Увогуле - амаль 5 тысяч экспанатаў. Збіралі ўсім светам не адзін год.

Аўтарам самой ідэі музея выступіў заслужаны будаўнік Беларусі Мікалай Патрончык. Ён жа першым падарыў сямейныя рэліквіі: веласіпед, матацыкл і мапед. Магчыма, дзякуючы менавіта ім, жартуе кіраўнік мясцовага ПМК, і кар'ера атрымалася - усюды паспяваў.

Тут і гісторыя развіцця медыцыны, і калекцыя ордэнаў за працоўныя заслугі. Нават увесь шлях нумізматыкі ў СССР прасачыць можна. Усе рарытэты сапраўдныя.

Але і якая ж савецкая эпоха без савецкага гандлю? Яму ў музеі адведзены цэлы раздзел. Тут і небагаты прадуктовы набор, і шалі на гірах, і знакаміты набор пакупніка - авоська.

Аўтары музея ўпэўненыя - цікавасць да яго экспанатаў не знікне ніколі. Бо яны - частка жыцця мільёнаў, народжаных у СССР.

Рарытэтаў савецкай эпохі аказалася так многа, што размясціць усё ў музеі не ўдалося. Таму аўтары ідэі ўжо сур'ёзна падумваюць аб пашырэнні экспазіцый.