Старажытны Полацк стане больш даступным для вывучэння

31 октября 2016

Напярэдадні 500-годдзя беларускай друкаванай кнігі бібліятэка Акадэміі навук прэзентавала фундаментальны двухтомнік пад назвай "Полацкія граматы". Гэты пашыраны збор, які апавядае пра жыццё горада ў мінулых стагоддзях. Кнігі з'яўляюцца нацыянальнай каштоўнасцю, акрамя таго, іх ужо назвалі ўнікальнымі спецыялісты з-за мяжы. Наталля Бардзілоўская - падрабязней.

Збіраць звесткі па гісторыі Полацка ў адзінае выданне спрабавалі яшчэ напачатку ХХ стагоддзя, але планам перашкодзіла Першая сусветная вайна. Дакументальна прааналізавалі старажытны Полацк з XIII па XVI стагоддзе.

У зборніку за 500 дакументаў. Ад афіцыйных да прыватных - уласная карэспандэнцыя простых палачан, першая спроба дзелавой перапіскі.

Навукоўцы-складальнікі аб'ездзілі ўсю Усходнюю Еўропу і вывучылі архівы суседніх дзяржаў. Далучыліся даследчыкі Расіі і Латвіі.

Новавыданне “Полацкіх грамат” будзе цікавым не толькі для гісторыкаў, але і для лінгвістаў. У зборніку захаваныя ўсе радковыя знакі, усе літары, якімі карысталіся ў старажытным Полацку, але пра якія забыліся сёння. Больш за тое - кніга вельмі добра ілюстравана.

Паказаны ўсе факсіміле “Полацкіх грамат”, што дае дадатковыя магчымасці для іх вывучэння.

За кожнай ілюстрацыяй - адкрыццё. Вось некалькі старонак з выявамі пячатак. Аказалася, што звычайны знак нясе новую каштоўную навуковую інфармацыю пра старажытны Полацк!

Падрыхтаваны двухтомнік уключыць у сябе і слоўнікі Полацкай друкарні, падручнікі з Нясвіжскай бібліятэкі з пячаткамі Радзівіла. Двухтомнік ужо назвалі адной з самых грунтоўных работ па вывучэнні кніжнай культуры сярэднявечнай Еўропы.