Старажытныя кварталы пад Мінскай кальцавой

29 апреля 2016

Выратавальныя археалагічныя раскопкі праводзяць навукоўцы Беларусі ў раёне будаўніцтва 2-й кальцавой аўтадарогі. Будучая траса тэрытарыяльна трапляе на старажытныя селішчы беларусаў. Пра іх было вядома яшчэ ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, але даследаваць ўдаецца толькі зараз, калі пачаліся будаўнічыя работы. Гэта сусветная практыка, калі падчас маштабных будоўляў запрашаюцца археолагі для збору артэфактаў і вывучэння гістарычных напластаванняў.

Алена Борматава — пра памятнікі, якія захоўвае наша зямля.

Жаночыя ўпрыгажэнні з бронзы і манеты часоў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Мноства жалезных прадметаў – сякеры, цвікі, нажы – знойдзены ўсяго за некалькі дзён працы археолагаў на месцы будаўніцтва 2-й кальцавой.

Сёлетні археалагічны сезон пачалі ля вёскі Фрунзэ Дзяржынскага раёна. Да пачатку раскопак правялі папярэднія даследаванні і дакладна ведалі, што менавіта тут знаходзілася вёска эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Усе знаходкі датуюцца XVII-XVIII ст. За два-тры кіламетры існуюць больш старажытныя паселішчы.

У раёне населеных пунктаў Аксакаўшчына, Ракаў, Васілеўшчына і Фрунзэ археолагі выявілі больш за дзесяць археалагічных аб'ектаў, на кожным з іх праведзены выратавальныя археалагічныя даследаванні. Зараз Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі рыхтуе дакументы аб уключэнні ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў старажытнага паселішча Васілеўшчына, якое адносіцца да X-XII ст.

Старажытная Васілеўшчына займае тэрыторыю плошчай 10 гектараў. Яна цалкам даследавана: атрыманы важны навуковы матэрыял і знойдзены ўнікальныя рэчы, некаторыя за шматгадовую практыку археолагаў сустрэліся ўпершыню. Такога ў Беларусі не знаходзілі. А на тэрыторыі, якая трапляе пад кальцавую, гэта 2 гектары, знойдзены ажно 74 археалагічныя аб'екты – жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

Такі археалагічны аб'ект існуе і ў самім Мінску - вуліца Алібегава на паўднёвым захадзе сталіцы. Пра яго даведаліся яшчэ ў 80-я, але даследаваць не было магчымасці. Перашкаджалі прыватныя дамы, а зараз падчас будаўніцтва мікрараёна Міхалова-2 археолагі пачнуць работы.

Некалькі гадоў таму археолагі даследавалі суседні ўчастак вуліцы, дзе былі знойдзены артэфакты ажно 10 стагоддзяў - прыватныя рэчы людзей яшчэ дахрысціянскага перыяду і інтэр'ерныя аздабленні XIX стагоддзя.