Дзіцячае "Еўрабачанне" выйграла Раксана Венгель з Польшчы

26 ноября 2018

Галоўная песенная інтрыга сезона вырашылася! Дзіцячае "Еўрабачанне" выйграла Польшча. Раксана Венгель набрала 215 балаў і стала абсалютным фаварытам шоу паводле версіі гледачоў. Прадстаўнік Беларусі Даніэль Ястрэмскі - на 11-м радку. За права перамагчы на галоўным дзіцячым песенным конкурсе Еўропы змагаліся рэкордныя 20 краін. А "Мінск-Арэна" ўжо другі раз прымала відовішчнае шоу. Закадравае жыццё дзіцячага "Еўрабачання" і першыя эмоцыі пераможніцы - у Дар'і Тарасавай.

Запаліць па-даросламу. З такім настроем маленькія артысты выходзілі штурмаваць касмічную сцэну дзіцячага "Еўрабачання". Адны настройваліся на музычную хвалю спяваючы, іншыя пакідалі сілы для шоу. Як гэта было за кадрам, ведаюць толькі самі ўдзельнікі і каманда, якая яго зрабіла. За відовішчнай карцінкай і чыстым гукам - праца сотняў прафесіяналаў.

За тым, як запальваў Мінск, гледачы паспявалі не толькі назіраць з тэлеэкранаў. Прыхільнікі песеннага форуму аператыўна дзяліліся падрабязнасцямі ў сваіх сацсетках. Толькі ў "Інстаграме" фота з еўравізійным хештэгам запосціла аўдыторыя з сотні тысяч чалавек. Ён выйшаў на сцэну пад нумарам восем. Музычны перформанс ад Даніэля Ястрэмскага ў кулуарах дзіцячага "Еўрабачання" палічылі самым высокатэхналагічным. Стыльны аўтфіт, шмат графікі і харэаграфіі. Судзячы па ўзроўні дэцыбелаў у спарткомплексе, за нашага прадстаўніка хварэла ўся "Мінск-Арэна". Даніэль атрымаў максімальныя 12 балаў ад нацыянальнага журы Арменіі і размясціўся на 11 пазіцыі.

Даніэль Ястрэмскі, прадстаўнік Беларусі на Міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018": "Сёлета наймацнейшае "Еўрабачанне" за ўвесь час, вельмі вялікая канкурэнцыя, лічу, што ўсе годна выступілі. Усё вельмі крута, самыя лепшыя эмоцыі ў маім жыцці".

Гэтыя ноты запалілі дзіцячае "Еўрабачанне-2018". Выйшла дваццатай, а стала першай, чым не магія лічбаў. Раксана Венгель павезла з сабою трафей, пра які мараць, - Хрустальны мікрафон. Песня Роксі Anyone I Want To Be заваявала не толькі нацыянальнае журы: выбіцца ў лідары хоць і ў апошнія секунды галасавання ёй атрымалася дзякуючы падтрымцы гледачоў.

Раксана Венгель, пераможніца Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018" (Польшча): "Я не магу паверыць, што гэта адбылося. Дзякуй вялізны, Польшча, дзякуй усёй Еўропе. Польшча ўпершыню ў гісторыі выйграла "Еўрабачанне". Я ўсё яшчэ не веру, для мяне гэта вялізны шок".

Маленькія артысты з дарослай падачай. Развязка шоу аказалася цікавай. Другое месца ў Францыі, Анжэліна Нава прыцягнула ўвагу песняй на роднай мове і сваім фірмовым танцам. На трэцім радку размясцілася маленькая Уітні Х'юстан, аўстралійка Джаэль. Такім стаў топ аднаго з самых папулярных шоу свету.

Іван Эйсмант, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі, прадзюсар Міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018": "Усё тое, што мы запланавалі, мы зрабілі, і ў гэтым плане я задаволены. Хоць многае трэба будзе прааналізаваць, але па дарозе на гэтае інтэрв'ю я сустрэў ужо мноства людзей і галоўнага рэжысёра, у тым ліку і прадстаўнікоў ЕВС, усе яны гавораць, што гэта было неверагодна".

На парадку дня пытанне, хто ж наступным прыме песенны форум, бо ўмовы дзіцячага конкурсу адрозніваюцца ад дарослага. А гэта значыць, што гаспадыняй можа стаць не толькі краіна-пераможніца. Сталіцу наступнага форуму выбера Еўрапейскі Вяшчальны Саюз. Каму ЕВС перадасць еўравізійную эстафету, даведаемся зусім хутка.