Дзень тэатра беларускія дзеячы мастацтва адзначаюць цырымоніяй уручэння прэмій "Хрустальная Паўлінка"

27 марта 2018

Дзень тэатра сёння адзначаюць ва ўсім свеце. Вось ужо больш як чвэрць стагоддзя сваё прафесійнае свята беларускія дзеячы мастацтва адзначаюць цырымоніяй уручэння прэмій "Хрустальная Паўлінка".

У розныя гады ўладальнікамі ўзнагароды Саюза тэатральных дзеячаў былі Стафанія Станюта і Генадзь Гарбук, Валерый Раеўскі і Тамара Ніжнікава, Барыс Луцэнка і Наталля Гайда. У гісторыі прэміі былі і ўнікальныя выпадкі, калі статуэтка і званне лаўрэата даставаліся адначасова двум дзеячам. Сёлета галоўны прыз быў уручаны актрысе Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, народнай артыстцы Беларусі Зінаідзе Зубковай.

Адначасова з уручэннем "Хрустальнай Паўлінкі" журы вызначае і ўладальнікаў прэмій "Хрустальная кветка", "Хрустальны анёлачак" і "Хрустальная зорка".