"Барысаўскі каларыт" падводзіць творчыя вынікі года

5 декабря 2023

Творчыя вынікі года падводзяць беларускія мастакі. "Барысаўскі каларыт" - праект, які ўжо дзесяць гадоў існуе ў культурным жыцці горада. Цэлы сезон мясцовыя творцы рыхтуюцца, каб здзівіць сваіх прыхільнікаў.

Што сёлета, у юбілейны год, малююць таленавітыя землякі для жыхароў Барысава? Расказала Наталля Бардзілоўская.

Рэдкі ў сваім родзе праект: ён аб'ядноўвае мастакоў прафесійных і самадзейных, людзей розных узростаў і творчага вопыту, майстроў пэндзля ва ўсім багацці  жанравых пераваг. Адно абагульняе ўдзельнікаў выставы "Барысаўскі каларыт" - усе яны землякі. Гэта тыя, хто нарадзіўся і пражывае ў горадзе на Бярэзіне, тыя, чые карані тут, і хто праславіў малую радзіму далёка за яе межамі. 43 аўтары - з партрэтамі, пейзажамі, нацюрмортамі і сюжэтнымі карцінамі. Алей, графіка, акварэль - поўная разнастайнасць, але тэматыка адна: адлюстроўваць Барысаў, яго людзей, памятныя мясціны, гісторыю і сучаснасць.

Самы знакаміты з мастакоў, што ўдзельнічаюць у "Барысаўскім каларыце", - Віктар Бялоў. Выпускнік мінскай Глебаўкі, член Саюза мастакоў Беларусі. Творца з педагагічным вопытам. Ён працуе ва ўсіх жанрах, любіць шматфігурны жывапіс і тут, на выставе, прадэманстраваў імправізацыі на тэатральную тэматыку.

Валерый і Ірына Гінц на выставе "Барысаўскі каларыт" у раённай бібліятэцы пазнаёміліся, падзялялі захапленне кнігамі і мастацтвам, а праз час ажаніліся.

Хронікі Барысава можна чытаць па карцінах: многіх архітэктурных аб'ектаў ужо няма ці яны да непазнавальнасці рэканструяваныя. Але дзякуючы погляду мастака дамы, храмы, масты назаўсёды засталіся на палатне. Для гісторыі і на памяць.

Сёлетні "Барысаўскі каларыт" дзясяты па ліку, і ў свой юбілейны год праект прапануе навінку: у яго рамках дэманструюцца творы школьнікаў, выпускнікоў дзіцячай мастацкай школы імя Ахрэмчыка. Для большасці дзятвы гэта першы выставачны вопыт, ён натхняе, стымулюе на новыя творчыя поспехі.

Прафарыентаванне - яшчэ адна фарба ў "партрэт" галоўнага арт-праекта Барысава. Таленавітую творчую змену тут выхоўваюць з надзеяй, што праз гады юныя ўдзельнікі праславяць свой край далёка за межамі.