Вялікі тэатр Беларусі зноў радуе гледачоў новай прэм'ерай

4 октября 2015

Сёння на вялікай сцэне пакажуць дзіцячую оперу "Доктар Айбаліт" беларускага кампазітара Марыны Марозавай паводле вядомай казкі Карнея Чукоўскага. На прэм'еры пабывала Дар'я Тарасава.

У маштабнай дзіцячай оперы задзейнічаныя 150 салістаў Вялікага тэатра. Сёння артысты здаюць свой галоўны іспыт. Пастаноўку прэзентуюць самай патрабавальнай і дапытлівай публіцы, бо дзеці не прабачаюць фальшы.

Да першай прэм'еры сезона тут ставяцца не па-дзіцячы адказна. Спектакль для маленькіх знатакоў мастацтва стане важнай часткай у жыцці тэатра, бо ў апошні раз дзіцячую оперу беларускага кампазітара тут ставілі паўстагоддзя таму. У аснову лібрэта леглі фрагменты з 10 вершаваных казак Карнея Чукоўскага. Каб сыграць у "Айбаліце" ад салістаў запатрабавалася ўся палітра прафесійных магчымасцяў. У некаторых касцюмах артысты папросту не адразу навучыліся ўтрымліваць раўнавагу. А для напаўнення сцэнічных афрыканскіх тропікаў казачнымі персанажамі трупе прыйшлося шмат рэпетыраваць.

Музыка оперы яркая і энергічная, тэма Афрыкі характарызуецца ўсходнімі матывамі. Тут оперны доктар - тэнар, а Бармалей спявае барытонам. Світа персанажаў адрозніваецца ад вядомай мультыплікацыйнай экранізацыі. У пастаноўцы занятая і дзіцячая студыя Вялікага тэатра.

Праца над “Доктарам Айбалітам” заняла 4 сезоны. Тры з якіх - напісанне клавіра і партытуры. А да самой пастаноўцы галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ прыступіў у пачатку лета. Аўтар манументальных опер для дарослых у першую чаргу ўзяўся за працу над “Доктарам Айбалітам”, каб добрую казку зразумела дачка. Пастаноўка шматслойная ў сваім чытанні як для дзяцей, так і для дарослых.