Белтэлерадыёкампанія пачынае прыём заявак на Еўрабачанне-2015

21 октября 2014

Гэта стала вядома сёння на пасяджэнні стала дзеючага аргкамітэта па падрыхтоўцы да конкурсу. У сценах галоўнага медыяхолдынга краіны, які таксама з'яўляецца адзіным прадстаўніком Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў Беларусі, было зацверджана палажэнне нацыянальнага адбору.


Як патрапіць у лік удзельнікаў праекта - у рэпартажы Іны Пілевіч.


34 пункты аб правядзенні нацыянальнага адбору на Еўрабачанне-2015. Сёння гэты дакумент вывучыў і зацвердзіў стала дзеючы камітэт па падрыхтоўцы да папулярнага конкурсу. Ужо зараз кожны можа пазнаёміцца з палажэннем на сайце Белтэлерадыёкампаніі www.tvr.by і прысылаць сваю заяўку. Пісьмовыя прапановы прымаюцца на адрас Макаёнка, 9 да 21 лістапада.


Патрабаванні да ўдзельнікаў праекта і іх кампазіцый засталіся ранейшымі. Узрост прэтэндэнта - ад 16 і старэй. Выкананне - жывое. Працягласць песні - не больш за 3 хвіліны. Змяніліся правіла галасавання. Агульны вынік кожнага канкурсанта будзе складацца з 8 ацэнак, 7 з іх ацэнкі журы і 1 бал ад гледачоў. Гэтую мадэль галасавання Белтэлерадыёкампанія пераняла ў мальтыйскага тэлевяшчальніка, які здолеў дамагчыся рэкорднага рэйтынгу нацыянальнага адбору на Еўрабачанне - 95%.


Барыс Святлоў, Міністр культуры Беларусі: Улічваючы своеасаблівасць тых галасаванняў гледачоў, якія былі да гэтага, прыйшлі да элементарнай высновы, што невялікая група людзей пры добрай належнай арганізацыі можа проста зрабіць галасаванне на карысць аднаго пэўнага чалавека. І такім чынам унесці сумятню, перакос у канчатковае галасаванне. Каб зрабіць больш аб'ектыўным гэты працэс, у правілах з'явіўся шэраг новаўвядзенняў.


Праект праводзіцца на тры этапы: прыём заявак, праслухоўванне і фінал. У выніковым шоу прымуць удзел толькі 15 лепшых нумароў. Імёны прадстаўнікоў судзейскай калегіі арганізатары будуць трымаць пад сакрэтам аж да прамога эфіру фіналу, каб ніхто не змог паўплываць на іх ацэнкі.


Еўрапейскі Вяшчальны Саюз не абавязвае краіны-ўдзельніцы праводзіць адкрытыя нацыянальныя адборы. Тым не менш, Белтэлерадыёкампанія не адмаўляецца ад рэйтынгавага праекта, які дапамог шматлікім айчынным выканаўцам заявіць пра сябе на ўсю краіну і Еўропу. Фіналістаў журы вызначыць да 5 снежня, а прадстаўніка на конкурсе Беларусь вылучыць у фармаце тэлеканцэрта не пазней за 23 студзеня.


Еўрапейцы вылучаць лепшую песню кантынента ўжо 60-ы раз. Юбілейны конкурс прымае сталіца Аўстрыі Вена. На гэты момант афіцыйна абвешчаныя даты паўфіналаў - 19 і 21 мая, а 23 мая тэлеаўдыторыя і журы вызначаць трыўмфатара Еўрабачання-2015.