Беларус з гарадка Смілавічы, праславіўся на ўвесь свет - Хаім Суцін

1 мая 2013

Яго палатны на аўкцыёнах каштуюць дзясяткі мільёнаў долараў. У прыватных  калекцыях Ізабелы Раселіні, нашчадкаў Шагала, Френсіса Форд Каполы ёсць яго карціны. А на радзіме да нядаўняга часу не было ніводнай. Дзякуючы аднаму з беларускіх банкаў, работа Суціна, нароўні з карцінамі іншых мастакоў парыжскай школы, выхадцаў Беларусі, з'явіліся ў краіне. Калекцыя адразу была ўключана ў дзяржаўны спіс культурных каштоўнасцяў. 2013 у спісе памятных дат - год 120 годдзя Суціна.


Алена Борматава - аб жыцці і лёсе мастака.


Смілавічы напрыканцы 19 стагоддзя, калі тут нарадзіўся Суцін, былі невялікім яўрэйскім мястэчкам. На вуліцы Мінскай, сённяшняй Рэспубліканскай, і стаяў дом Залмана Суціна – бацькі будучага мастака. Шматдзетная сям’я. Толькі дзяцей было 11 чалавек.


Дакладнага месца, дзе знаходзіўся дом Суціных, не вядома. Як не вядома і дата нараджэння самога мастака. Розныя крыніцы даюць розныя звесткі - 1893 год і 1894. Але задума аднавіць дом Суціна - існуе. Там жа мусяць размясціць і музейную экспазіцыю. Пакуль яна знаходзіцца ў доме дзіцячай творчасці. Да 120-годдзя з дня нараджэння земляка  разгарнулі выставу - Суцін вачыма дзяцей.


Зусім нядаўна сталі вядомы імёны ўсіх братоў і сясцёр Хаіма. Гэтых фактаў не ведала нават адзіная пляменніца Суціна, якая жыве на Беларусі. Справа ў тым, што амаль усе дзеці Суціных эмігрыравалі яшчэ да рэвалюцыі. Бацькі мастака памерлі да вайны. Хоць і існавала версія, што яны загінулі падчас растрэлу ў 41-ым.


Маляваць Хаім пачаў у маленстве. Вугалем па сценах, за што не аднойчы быў біты бацькамі. Ляпіў фігуркі з хлебнага мякішу. Малога з алоўкамі заўважыў апошні ўладальнік Смілавіч  Леон Ваньковіч. Той і дапамог таленавітаму хлопцу з прыладамі для малявання.


Малога Хаіма часта выганялі і з дому, і са школы за яго маляванне. Тады хлопчык збягаў у ціхае месца да ракі. Садзіўся пад вялізную вярбу і маляваў. Вось прыкладна тут гэта і было. Аднак, за сто гадоў мясцовасць крыху змянілася - вярбы няма, ды і рака амялела.


У 15 Суцін едзе ў Мінск. Працуе ў фотаатэлье. Затым вучыцца ў школе малявання Івана Трутнева, якая размяшчалася ў Віленскім універсітэце. А пасля перабіраецца ў Парыж. Некалькі гадоў жыў у галечы і невядомасці. Падчас першай сусветнай капаў траншэі. Наведваў Луўр. Там убачыў палотны Рэмбранта, які да канца жыцця стаў яго кумірам. Сябруе з Пікасо, Апалінэрам, Мадзільяні. Яшчэ пры жыцці яго работы каштавалі дзясяткі тысяч франкаў. Падпісваўся заўсёды проста. Нарадзіўся ў Смілавічах. Адсюль і ўзнікла блытаніна - куды аднесці мастака. Расіяне яго называюць сваім. Бо нашы землі тады былі часткай расійскай імперыі.


Сёння, вывучаючы гісторыю ўраджэнцаў Беларусі, мастакоў парыжскай школы, адкрыта яшчэ адно імя майстра са Смілавіч - Сэма Царфіна. Так што турыстычны маршрут Прастора Хаіма Суціна, які існуе ўжо некалькі гадоў, прыйдзецца пашыраць.