"Белае - чорнае" ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва

11 марта 2015

Сёння ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава студэнтаў Акадэміі мастацтваў "Белае - чорнае". У экспазіцыі прапанаваныя працы першакурснікаў. Такая навучальная праграма шмат у чым перагукваецца з ідэямі арт-групоўкі пачатку мінулага стагоддзя - Зацвярджальнікі новага мастацтва. 

Аб авангардных плакатах у стылістыцы супрэматызму і не толькі - у рэпартажы Ніны Мажэйкі.

Чыста белыя сцены Музея сучаснага выяўленчага мастацтва як ніколі падыходзяць пад тэматыку экспазіцыі. Белае і чорнае задаюць тон, хутчэй, да разважання - прыём антытэзы, проціпастаўлення ідэальна ўпісаўся ў агульную канцэпцыю. Аўтар ідэі кантраснага праекта - беларускі дызайнер Руслан Найдзен. У 2008 годзе выкладчык навучальнай дысцыпліны "Плакат" трансфарміраваў паняцце. У якасці курсавой студэнтам-першакурснікам было прапанавана зрабіць дызайнерскую працу, выкарыстоўваючы толькі два колеры палітры.

Экспазіцыя на мяжы мастацтва і філасофіі. Чорна-белыя плакаты студэнтаў выкананыя ў самых розных тэхніках - абмежаванняў ні па форме, ні па змесце не было. На двух асобных лістах адразу дзве ўзаемадапаўняльныя ідэі.

Ідэя праз лапік паперы або нават мазок чорнай тушы. Першакурснікі візуялізавалі вядомыя цытаты і фразы. У нейкіх праектах нават статыстыка. Задача "Белага і чорнага" сінхранізаваць карцінку і тэкст.

Руслан Найдзен, мастак, дызайнер, аўтар праекта "Белае - чорнае": "Тут было важна паспрабаваць візуалізаваць сваю ідэю, сваю думку. Неяк жартам сказаў: "Калі вы возьмеце маленькі сподачак, з якога ваш шчанюк піў малако, нальяце туды тушы, возьмеце шчотку для абутку і зробіце нейкі мазок, але потым прыдумаеце, як яго падпісаць - гэта таксама падыходзіць, гэта значыць, свабода была поўная".

Само паняцце дызайн зарадзілася ў падобнай мастацкай свабодзе - у пачатку 20-ых. У той час беларусы былі вядомыя на ўвесь свет, дзякуючы адважным ідэям супрэматызму Малевіча. Віцебская школа прызнаная адной з наймацнейшых у свеце. Дарэчы, праект "Белае - чорнае" люструе арт-групоўку Зацвярджальнікаў новага мастацтва - прастата ліній і ёмістае слова ўсё такое ж актуальнае ў 21 стагоддзі.

Наталля Шаранговіч, дырэктар Музея сучаснага выяўленчага мастацтва: "У іх вельмі шмат агульнага. І першым я б назвала творчы момант, таму што педагогіка тут перарастае ў сапраўдную спробу зрабіць добрае мастацтва. А мы ўсе выдатна ведаем, што Казімір Малевіч быў выдатным педагогам, і ён разам са сваімі студэнтамі рабіў практычныя студыі. Пэўна, гэта дапамагала развівацца яго знакамітаму супрэматызму, а разам з супрэматызмам развівацца і дызайну".

Альтэр эга, а больш дакладна інь і янь у чорна-белай класічнай падачы па-свойму інтэрпрэтавала ўжо выпускніца Акадэміі. Дзяўчына выкарыстала простую форму і трапіла не толькі ў экспазіцыю, але і ў мастацкі каталог праекта "Белае - чорнае". Магчыма, што эсклюзіўныя працы выйдуць за межы каталога, напрыклад, у горад. Да 100-годдзя Зацвярджальнікаў новага мастацтва беларускія дызайнеры рыхтуюць маштабны праект.