Беларусь пяты раз у гісторыі ў фінале шоу!

12 мая 2017

Напярэдадні ў Кіеве вырашылася галоўная інтрыга другога паўфіналу "Еўрабачання". Прадстаўнікі Беларусі група NAVIBAND выйшлі ў фінал. Усе падрабязнасці - у Яўгена Перліна.

Журналісты ў прэс-цэнтры сёння ўпэўніліся: слоган "Еўрабачання" - "Святкуй разнастайнасць" - дазволіў вярнуць конкурсу першапачатковы сэнс, калі краіны дэманстравалі сваю нацыянальную культуру і музыку. Пасля некалькіх гадоў фрыкаў і шоу-правакацый Еўропа змаркоцілася па сапраўдных песнях. І ў фінале апынуліся 5 краін, якія прадставілі трэкі на роднай мове. Заўтра на "Еўрабачанні" выступіць і Беларусь!

Беларусы толькі 5 разоў праходзілі ў фінал "Еўрабачання". Ад гэтага поспех выступлення сёння ўначы стаў яшчэ больш эмацыйным.

Трапленне ў фінал для нашай краіны ўжо лічыцца перамогай! Мы не маем такой выразнай падтрымкі, як тыя ж балканцы, прыбалты або апенінцы. Музычныя крытыкі ў адзін голас паўтараюць: мы назіраем самае класічнае "Еўрабачанне". Без геапалітычных прадузятасцяў.

Фотыс Кантопулас - заснавальнік партала Oikotimes: "Сёлета конкурс здзівіў якасцю сваёй музыкі. Песні Беларусі і Партугаліі сталі вышэй, чым такія фаварыты, як Бельгія і Італія. Гэта добрыя песні!".

Заўтрашні фінал прадзюсары вырашылі развесці інтэрв'ю з фанатамі і камедыйным ролікам з удзелам пераможца "Еўрабачання" Монса Сэлмерлэва. Толькі 5 трэкаў з 26 - танцавальныя, астатнія - балады і RNB.

У гэтыя хвіліны артысты рыхтуюцца да рэпетыцыі параду сцягоў - з яго пачнецца і ўся генеральная рэпетыцыя, якую ўбачаць нацыянальныя журы! NAVIBAND выйдуць на сцэну пад 3 нумарам.