Беларусь адзначае 135 гадоў з дня нараджэння Івана Луцэвіча

7 июля 2017

Беларусь сёння адзначае знакавы юбілей - 135 гадоў з дня нараджэння Івана Луцэвіча. Кожны беларус яго ведае як Янку Купалу - першага народнага паэта нашай краіны. Сёння творы аўтара перакладзеныя на дзясяткі моў. Пра лірыка і філосафа - Алена Борматава.

Арыгінал той самай «Паўлінкі». Рукапіс, якому больш за сто гадоў. Почырк Купалы. Рэплікі герояў сам аўтар разбіваў на ролі. Тут жа аўтарскія праўкі. І калі на старце знакамітай п'есы Пясняр выводзіў тэкст амаль што каліграфічна, то напрыканцы купалавы радкі цяжка назваць акуратнымі. У музеі першага народнага паэта Беларусі сёння захоўваецца каля шасцісот яго рукапісаў. Уключаючы самую апошнюю, незавершаную баладу.

Марына Плаўская, вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: "Янка Купала вельмі часта пісаў не проста на лістах са сшыткаў, з блакнотаў. Ён пісаў на тым, што трапляла яму пад руку. У яго заўжды ў кішэні быў аловачак, а папера не заўжды была з сабой. І калі яму на розум прыйшлі чарговыя радкі гэтай балады, ён напісаў яе на адвароце пачкі ад цыгарэт “Ява”".

Свой архіў яшчэ напачатку 20-х гадоў Купала здае ў Нацыянальную бібліятэку. У гады вайны падчас эвакуацыі фонды згарэлі. Згарэў і дом Песняра ў Мінску. Шмат спадчыны страчана. Частка рукапісаў народнага паэта захоўваецца за межамі Беларусі. Так, паэма «Курган» - у Лондане.

Алена Ляшковіч, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: "Наўрад ці нам удасца вярнуць рукапісы Янкі Купалы. Фактычна мы ставім перад сабой задачу мяккай рэстытуцыі. Мы вяртаем электронныя копіі".

Паэт нарадзіўся ў купальскую ноч. Таму і псеўданім выбраў адпаведны. Хрысцілі будучага Песняра ў касцёле ў Радашковічах. Прычым хроснай маці была ўладальніца мясцовасці – Алімпія Замжыцкая. Заможная жанчына не магла хрысціць простага сялянскага хлопчыка. Сям'я Замжыцкіх ставілася да Луцэвічаў як да роўні.

Радавод Луцэвічаў нам вядомы дзякуючы працы дзеда Янкі Купалы Ануфрыя. Менавіта ён займаўся аднаўленнем радаводу і ствараў гісторыю сям'і Луцэвічаў адразу некалькіх пакаленняў. Рабіў ён гэта найперш для таго, каб захаваць за сваёй сям'ёй права жыць на сваёй зямлі і каб Луцэвічаў не пазбавілі шляхецкага статусу. Статусу гэтага іх усё ж такі пазбавілі. І калі дзед і бацька Янкі Купалы нарадзіліся ў сваім доме, на сваёй зямлі, якую ім вылучылі яшчэ Радзівілы, то сам будучы першы народны паэт Беларусі нарадзіўся ўжо ў арандаваным фальварку Вязынка.

У 25-м Купала атрымаў званне першага народнага паэта Беларусі з персанальнай прыжыццёвай пенсіяй. Аднак яшчэ задоўга да звання паэта неафіцыйна называлі народным. Нават перыёдыка таго часу пісала пра стан Купалы, калі той трапіў у шпіталь з перытанітам.

Вольга Пархімовіч, загадчык аддзела Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы: "Заўсёды сачыў за тым, як выглядае. Сачыў за модай. Ён ніколі не апранаўся вось так неяк выпадкова, стыхійна. Заўсёды, калі гэта была, напрыклад, урачыстасць нейкая, ён падкрэсліваў сваю нацыянальную прыналежнасць і мог пад класічны касцюм апрануць, напрыклад, кашулю-вышыванку".

Абутак Купала, як сапраўдны дэндзі, заказваў у шаўцоў. Магазінамі не карыстаўся. Адбіліся шляхецкія гены. Ды і жонка паэта - нашчадак французскага роду Манэ.