Беларусь адкрые дзіцячае Еўрабачанне

10 ноября 2014

Наша ўдзельніца Надзея Місякова выцягнула першы нумар на жараб'ёўцы конкурсу. Парадак выступленняў размеркаваўся напярэдадні на цырымоніі адкрыцця ХІІ штогадовага песеннага шоу.


З Мальты - рэпартаж Іны Пілевіч.


Гасцінічны нумар трансфармавалі ў грымёрку. Падрыхтоўка беларускай дэлегацыі да цырымоніі адкрыцця дзіцячага Еўрабачання пачалася за некалькі гадзін да яе пачатку. Прычоскі, галаўныя ўборы і форма адзення - у фальклорнай стылістыцы песні.


Закрытая для наведвання рэзідэнцыя прэзідэнта Мальты зрабіла выключэнне для дзіцячага Еўрабачання. Тут, у Палацы Вердала, на цырымоніі адкрыцця сабраліся дэлегацыі з 16 краін і прэса з усяго свету. Ва ўдзельнікаў застаецца роўна тыдзень на тое, каб падрыхтавацца да выхаду на конкурсную сцэну.


Шлях у рэзідэнцыю - па чырвонай дывановай дарожцы пад прыцэлам дзясяткаў фота- і тэлекамер. Упершыню ў гісторыі дзіцячае Еўрабачанне адкрыла дэфіле ўдзельнікаў. Наш дэлегат Надзея Місякова павітала прыхільнікаў Еўрабачання і дала інтэрв'ю на англійскай мове ў прамым эфіры мальтыйскага тэлеканала і афіцыйнага сайта конкурсу.


Уладзіслаў Якаўлеў, выканаўчы прадзюсар дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне-2014:


Гэтае рашэнне мальтыйскага канала, яны вырашылі адзначыць і запрасіць у гэты мальтыйскай палац, каб паказаць усю прыгажосць палаца і зрабіць гэтую падзею больш афіцыёзнай.


Дзіцячае Еўрабачанне адмовілася ад сляпой жараб'ёўкі. Наўздагад разыгравалася толькі першая і 16 пазіцыя. У астатнім - рашэнне заставалася за прадзюсарамі шоу. Гэта дазволіць ліквідаваць сітуацыі, калі запар ідуць песні падобнага жанру. Надзея Місякова выцягнула першы нумар.


Надзея Місякова, прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе песні Еўрабачанне-2014: Мне пашчасціла - я выцягнула першы нумар. І я, можна сказаць, буду адкрываць дзіцячае Еўрабачанне.


Ціна Матулесі, член наглядальнага савета дзіцячага конкурсу песні Еўрабачанне-2014, Швецыя: Узровень конкурсу высокі. Большасць удзельнікаў - дзяўчынкі і толькі адзін хлопчык. Гэта стварае асаблівую інтрыгу.


Ужо сёння Надзея Місякова праспявае конкурсную песню Сокал для мальтыйскіх школьнікаў. Таксама ў распарадку дня юнай спявачкі - запіс сумеснага з усімі ўдзельнікамі хіта сёлетняга Еўрабачання.